СТАНОК м. Станіна ў кроснах. Станке змацоўвалі збойнямі. Зарубічы.
СТАЎБУНОЎКА ж. Высокая шапка з казырком чорнага колеру, якую насілі вясной.
СТАЎНІЦА ж. Вялікая бочка для ссыпання збожжа. Ужэ лёто, а ў яго яшчэ ніпачатая стаўніца жыта. Бандары.
СТАЦІВА ж. Тое, што і станок.
СТРАМАК м. Чатырохгранны шуфлік на доўгай ручцы для выкідвання торфу з кар'ера.
СТРЫХАР м. Фармоўшчык цэглы на цагельні. Некалі стрыхар выганяў много грошай. Дакалавічы.
СТРЫХМУС м. Сталярная прылада для правядзення лініі, паралельнай краю дошкі. Гэты стрыхмус я як маладым быў зрабіў, а гэты яшчэ дзедаў. Дзерачынак.
СТРЫЦА ж. Калёсіка ў калаўроце з выемкай, на якую накладваецца шнур. Падкруці стрыцу, кап шнур не спадаў. Свіслач.
СТУСІНА ж. Гібкае дрэўца для пугі, звычайна прывазное. А я думала, што стусіны ў Празароках растуць, азноў іх куплялі. Свіслач.
СТУСЛА ж. Сталярная прылада, скрыня, пры дапамозе якой распілоўваюць дошкі пад вуглом 90° і 45°. Бес стуслы правідлова вугла ні зарэжаш. Свіслач.
СТЫРНІК м. Старшы ў плытагонаў, асоба, адказная за праводку плытоў.
СУРОВЫ КУЖАЛЬ. Нябеленае саматканае палатно. Некалі шылі сарачке з суроваго кужалю. Бакуны.
СУХАПАСТОЙ м. Сухастой. Стражнік дазволіў рубаць сухапастой. Рагачы.
СУЧКІ мн. Невялікія дапаможныя санкі для перавозкі бярвення. Прычапі сучкі да саней, паедзям у лес. Кавалічы.
СЬЦЯКОЛЬНІК м. Сталярная прылада для выразання пазоў у аконных рамах, куды ўстаўляюцца шыбы. Сьцякольнік нешта не бярэ, забіўса. Дзерачынак.
СЯЛЕДЗЯЎКА ж. Бочка з-пад селядцоў. Купіў сяледзяўку, добро будзя капусту квасіць. Сухая Даліна.
ТАКАРНЯ ж. Прымітыўны такарны станок для вырабу калаўротаў.
ТАМАВАНЕ н. Месца ў рацэ, дзе накідана каменне, каб вада не размывала бераг. Плытэ як на тамаване ўзыйдуць, могуць разьбіцца. Дарошавічы.
82 👁