БРОІЦЬ незак. Трызніць. Броіў цэлую ноч — гарэў агнём.
БРЫСЬ м. Ужываецца выключна ў параўнанні. Чырванашчокі, паўнатвары. Чырвоны, як брысь; якое яму халеры — ці ён нідагледжаны, ці ён нінакормляны: добрую жонку мая.
БУБНА, БУБНАЧ м. Вечна незадаволены, буркун; балбатун. Бубна гэты цэлы дзень гун над вухам бубніць ды бубніць.
ВАДЫР м. Пухір. Намуляў такі вадыр на назе — гэдак заўсюды з цеснымі чаравікамі.
ВАЛКАВАТЫ прым. Сыраваты (пра сена, збажыну). Аўёс валкаваты, хай яшчэ з дзень пастаіць у мэндліках.
ВАШАПРУДЗІНА ж. Настойлівы, упарты (пра дзяцей). Ні дзіця, вашапрудзіна — усюды яно ўлезя, усюды зашыяцца.
ВЕЛЬЧ ж. Велічыня. Якого дуба мы сёня бачылі ў лесі — а тэўшч, а вельч, мо яму пяцьсот гадоў якіх.
ВОЛЁ н. Валлё. А волё тугоё ў нашай курачкі, тугоё. Жыве, як пан — волё гын якое адгадаваў.
ВЫБЫЦЬ зак. Прабыць, утрываць, выжыць. Тут ні кажын выбудзя: такія халадэ. Дзе ты гэдакай жарой там цэлы дзень выбудзяш?
ВЫЛУПАК м. Той, хто нядаўна на свет паявіўся; малеча. Вылупак усякі мазге тут будзя табе ўпраўляць!
ВЫПАЛАСКАЦЬ зак., перан. Пакарыстацца, не шкадуючы; узяць што можна (пра зямлю). Выпаласкалі полё дазваня — дзе на ім будзя цяпер добраё што расці?
ВЫРВА ж. Пралаза, праныра. От, вырва! І ў каго толькі яна ўдалася такая — усё, што ні е на свеці, яе повінно быць, да ўсяго дапне, усё ў руках патрымая.
ВЫСТУПКІ мн. Від абутку (лёгкі). Выступкі звычайна рабіліся са старых ботаў, чаравікаў (падэшва ды перадок), каб адзець на скорую руку пры патрэбе. Адзела выступкі некія ды ходзіць тут па снезі — марш у хату!
ВЭНГАР м. Канавал. Вэнгары хадзілі раней па вёсках — коняў ляхчалі, быкоў, кнуроў.
ВЯЗНУЦЬ незак. Лезці, ліпнуць, прыставаць. І чаго ён усё вязня да мяне, як смала якая? Вечно вязняш да гэтаго чалавека — то тоё ні так, то гэто ні гэдак.
78 👁