Г. М. Малажай АЦЭНАЧНЫЯ НАЗВЫ АСОБЫ З ГАВОРАК БРЭСЦКАЙ ВОБЛАСЦІ Бытуе даўняя прыказка «Як пражывеш, так і праслывеш». І сапраўды, людзі хутка прыкмячаюць адметнае ў характары, паводзінах, знешнім выглядзе сваіх родных, суседзяў, знаёмых, нават выпадковых сустрэчных. Прыкмячаюць і, гаворачы пра іх, ужываюць словы, якія выразна характарызуюць чалавека па яго адметных рысах. Падобныя характарыстычныя словы, або ацэначныя назвы асобы, складаюць значную частку лексічнага багацця народнай мовы. Многа іх і ў гаворках Брэсцкай вобласці. Пра дбайнага, працавітага гаспадара ў в. Моладава Іванаўскага раёна скажуць тяглій, а ў в. Мачуль, што на Століншчыне, — цягавік. Хуткую ў працы жанчыну ў першым рэгіёне назавуць огнянка, непаваротлівага, маруднага чалавека — моняло. Гаваркіх, балбатлівых людзей называюць на Брэстчыне па-рознаму: балбот, балута, болбутэнь, боўтало, вэрсала, вырза, галайда, говорун, заговорок, лабайда, лопотун, мыкылянка, мэлькотэнь, плёйтух і інш. Шмат слоў мае жывая народная мова для характарыстыкі неахайных і гультаяватых асоб: абрындала, аферма, брында, барахончыха, голда, дында, драпаста, забрында, залёпанка, зёпа, зёра, кошмола, лейба, лёха, байбак, бэйла, валюх, вахрай, зашолопа, лабур, лантух, лётра, лында, ныхлюя, кошма і інш. Гэты тэматычны пласт лексікі ў гаворках Брэсцкай вобласці надзвычай багаты і адметны. Ацэначныя назвы асобы — каштоўны матэрыял для розных лексікалагічных назіранняў. Таму ў нас з'явілася думка сабраць гэтыя словы на Брэстчыне і скласці тэматычны слоўнік экспрэсіўнай лексікі гаворак Брэсцкай вобласці. У гэтым артыкуле ўвазе чытача прапануецца частка зафіксаваных слоў.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
113 👁