КАНДАЛЬНІЦА ж. эмац.-ацэн. Пра сварлівую жанчыну. З жонкай як съсварыцца, дык ён на яе: кънда льніца ты, ланцужніца. Ульянавічы.
КАНЕЎНІК м. Знаўца коней. Я канеўнік болі цыгана. Сянно.
КАНЕЦ м. Ускраіна. Хата была на самум канцы. Запруддзе. Купілі на канцы дачу з Ленінграда людзі. Закур'е. Нъ канцу жывець дзет, ён унутры гадаваў. Багданава. У канцы поля кусты. Яны мішаюць пъхаць. Фасаўшчына. КОНЧЫК памяни. У самым кончыку лесу кладбішча. Латыгаль. Пасодзіцца, дзе кончык, ранейшай бульбы. Нямойта.
КАНЕШНА, КАНЕШНІ прысл. Канешне. Ну, топім, канешна, харашо, каб ён запёкся. Серкуці. Канешні, гэты дзет вайны ня нюхаў. Неўгадава, Сянно.
КАНЁК м. Канёк, вільчык страхі. На крышу з дасок ці з жэсці канёк дзелаіцца. Гарадзец. После крышы канёк ставілі, кап снех ні забіваў. Міцюкова. Канёк, як карыцца, збіваюць, усцягуюць і прыбіваюць. Вялікі Азярэцк. Вільчык у канцы, а канёк пъвярху хаты, як карыцца. Фасаўшчына, Мянюцева.
КАНІКУЛЫ толькі мн. Канікулы. Мальцы цяпер у канікулах. Кляпчэва. Дзяўчыне канікалы будуць, прыедзець сюды. Багданава.
КАНОПЛІ, КАНАПЛІ мн., КАНАПЛЯ ж. Каноплі. Нъ Кълідў каноплі пад вакном сеілі, пакідъюць пад вакном, а тады хто ей сасніцца. Гарадзец. Ціпер канапель німа, рэдка хто кала яблань яго сеіць. Ад рвоты, ад дурніц ці ад базану, дык ў канопліх клалісі. Багданава, Гарадок, Заазер'е, Каралі, Закур'е. Кънапля ад даўлення. Дольдзева. Канаплі сеялі, цяпер звяліся. Дуброўкі.
КАНСЕРВІНА ж. Кансервы. Кансервіну, рыбіну прывязець, тушонку запраўляць. Леснікова.
КАНТ м. Рабро ў дошцы або брусе; кант. Цешуць на квадрат, на чатыры канта і ўкопаіцца ў зямлю [браўно]. Нямойта.
КАНТАР, КАНТАР м. Від бязмена; вагі. Кантар і пут быў і паўпуда быў. Тут хлеп, а тут кантар гэты. Фасаўшчына. Кантар – вясы, дзесяць кілаграм, болей. Як цялёнка здавала, важуць на кантары. Сукрэмна. Кантар тожа быў пудовы і на паўпуда, як каромысіл. На адзін бок гіру ету – кантар. Вялікі Азярэцк, Багданава. Кънтар быў, гіра такая, груз, калі роўна – тады пут. Гарадзец.
КАНТУЖАНЫ дзеепрым. Кантужаны. Вайна яго з'ела: кантужаны і ранены. Запруддзе. Два разы кантужана перуном была. Нямойта.
КАНТУЖЫЦЬ зак. Кантузіць. Яго жонку кантужылі. Кішуроўшчына.
КАНУРКА ж. Карункі. А гэта прышывалася канурка. Самі візалі. Фасаўшчына. Элемент узору ў карунках. Кружъва візалі, канурkі такія ў кружэвах. Дольдзева.
КАНУЦЬ зак. ◊ ЯК У ВАДУ КАНУЎ. Бясследна прапасці, знікнуць. Прапаў як у ваду кануў. Вялікі Азярэцк.
КАНФЕЦІНА ж. Цукерка. Бывала канфеціны ня з'еў ніводзін і не відзіў яе. Мянюцева.
КАНЦАВЫ прым. Канцавы. З канцавэй хаты мужыкі прыходзяць у баню. Партызаны.
КАНЦЫ толькі мн. Канцы асновы, якія адразаюць пасля датыкання красён. Канцы атрэжаш і што-небудзь шыеш. Рэчкі. Канцы – дальшэ некуды ткаць. Леснікова. Увязнік дзелалі с канцоў кросін. Гарадзец.
73 👁