Старонка 4
◀ / 54 ▶
МАТЭРЫЯЛЫ ДЛЯ ДЫЯЛЕКТНАГА СЛОЎНІКА ГОМЕЛЬШЧЫНЫ * Х (працяг, пачатак гл. у папярэднім выпуску) ХРУШЧЫК м., кул. хрушч. Бяры еж хрушчык. Мая маці добра пячэ хрушчыкі (Кароткавічы, Жлоб.); Спячы на снеданне хрушчыкаў (Паганцы, Светл.+Асарэвічы, Браг.; Баравікі, Светл.; Валахоўшчына, Браг.; Вуглы, Галоўчыцы, Нар.; Дзяржынск, Заходы, Лельч.; Любань, Марозавічы, Б.-Каш.; Меркулавічы, Чач.; Мормаль, Жлоб.; Піркі, Браг.; Цешкаў, Нар.). ХРЫБЕТНІК м., анат. хрыбет. У свінні ўвесь хрыбетнік у гразе (Ручаёўка, Лоеўск.); Дзядзька калом перабіў ваўку хрыбетнік (Баравікі, Светл.+Антонаўка, Гом.; Дзям'янкі, Добр.; Залессе, Чач.; Неглюбка, Ветк.; Тураў, Жытк.; Холмеч, Рэч.; Юравічы, Калінк.). Параўн. хрэб. ХРЫП м. горла. Узяў яго за хрып і давай калаціць (Чаплін, Добр.). ХРЫПЕТКІ толькі мн. вантробы. Ён упаў з хаты і адбіў сабе хрыпеткі (Антонаў, Ельск.). Параўн. хрыпці ў 2 знач. ХРЫПЕЦЬ незак. рыпець. Як хораша хрыпіць снег пад нагамі (Стаўбун, Ветк.). ХРЫПЦІ толькі мн. 1. Кашаль. У мого старого такіе хрыпці велікіе, што ек стане хрыпаць, то отзываецца нешто ў сярэдзіне (Беразнякі, Жытк.). 2. тое, што хрыпеткі. Так білі яго, што хрыпці адбілі (Махновічы, Маз.). * Матэрыялы для слоўніка падрыхтавалі: Н. А. Старасценка (літару Ц), С. Г. Крупенька, А. А. Парукаў (Ч), В. А. Ляшчынская з удзелам В. В. Шур (распрацаваў 28 слоў) (Ш), А. А. Станкевіч, Н. А. Старасценка (Э, Ю, Я).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
87 👁
◀ / 54 ▶