КАЛАШНІК м., тое, што калачык. На акне стаіць вунь калашнік (Буйнавічы, Лельч.).
КАЛАШЫНЫ толькі мн. калошы. Калашыны ў штанах вельмі ж шырокія (Багданавічы, Карм.); А забіць цібе радзіміц! Калашыны ў штанах новых павымазваў у гразь (Асінаўка, Чач.). Параўн. калошні.
КАЛДАБАНЯ ж. калдобіна. У калдабані бабы бяллё сціраюць (Бабовічы, Гом.). Параўн. калдобух.
КАЛДОБУХ м., тое, што калдабаня. Машыны паўразаюць ямы, вось вам і калдобух (Ручаёўка, Лоеўск.).
КАЛДУН м. 1. вядзьмар. Хведар — калдун не інакш (Неглюбка, Ветк.); Я так баюся етага старога калдуна (Халочча, Чач.); Калдуны — ета, гавораць, есць (Холмеч, Рэч.); 2. гульня. Давайце у калдуна згуляем (Н. Гута, Гом.).
КАЛДУН м. кулін. бульбянік. Яна палажыла на талерку калдуна (Уваравічы, Б.-Каш.); Дай мне адзін толькі калдун (Забалацце, Раг.). Параўн. кандобік, кандыбаль.
КАЛДУХА ж. чараўніца. Не хадзі ты, дзетка, к калдухам, бо шчасце атаб'юць (Холмеч, Рэч.).
КАЛЕЙКА ж. 1. чарга. Сваха, мая калейка каля цябе (Буда, Рэч.); 2. чарга (пасвіць жывёлу). Заўтра трэба калейку атпасціць (Камаровічы, Петр.).
КАЛЕНА н. 1. калена (нагі). Можа калена баліць таму, што ты яго ўдарыў (Багданавічы, Карм.); Я раз пабіла калена, што не магла хадзіць (Баравікі, Светл.); 2. калена (на сцябле раслін). Ето такая наросля на траве, вона і завецца калено (Падварак, Лельч.); У кожнай травіны ё калены (Халочча, Чач.); 3. фігура (кадрылі). У кадрылі ёсць першае калена, другое калена і трэцяе (Хізы, Ветк.); Калены ў танцах розныя бываюць (Забалацце, Раг.); Кадрэлю танцуюць на пяць кален (Кароткавічы, Жлоб.).
КАЛЕННЯ зборн. цаліна. Лі Валосаўскага лесу тады было адно каленне. Дык мы тоя калення распахалі і пасеялі проса (Палессе, Чач.).
КАЛЕСНЯ ж. прылада (для вырабу колаў калёс). Калесня була тады, як калёсы дзелалі (Холмеч, Рэч.).
КАЛЕСО н. кацёлка (сланечніка). Сарока сядзе на калесо і клюе, дык мы абвезалі іх (Бывалькі, Рэч.); У колесе семкі такія буйныя (М. Аўцюкі, Калінк.). Параўн. калясайка, калясо І, кацёлка.
80 👁