ЗАДАРГА ж. край (чаго-небудзь). Глядзі, а то ўпадзе ўцюг, стаіць на задарзе (Хвойнае, Хойн.).
ЗАДАЎЖ м. душнік. Задаўж на ноч адкрываюць, каб паветра пчолам даць (Холмеч, Рэч.).
ЗАДРАТАВАЦЬ зак. уцягнуць (дрот у лыч). Задратоўваецца парася, якое рые. Уцягнуць у лыч дроцік, кальцо, яно і не рые (Завайць, Нар.); Трэба хіба пазваць суседа, каб задратаваў парася (Дзвіжкі, Ельск.).
ЗАДЖУБАСІЦЬ зак. зашыць. Ну і заджубасіла! (Палессе, Чач.).
ЗАДЗЕЛАЦЬ зак. запэцкаць. Дзе ты так кэпці задзелаў? (Баравікі, Светл.).
ЗАДЗІРА аг. чалавек (задзірлівы). Задзіра, пабіцца яму дай, хлебам не кармі (Халочча, Чач.+Баравікі, Светл.; Марозавічы, Б.-Каш.; Піркі, Браг.; Холмеч, Рэч.). Параўн. задзірава, задзірака.
ЗАДЗІРАВА аг., тое, што задзіра. Ну і задзірава еты Іван: ідзець і нікога не прапусціць (Хізы, Ветк.). Параўн. задзірака.
ЗАДЗІРАКА аг., тое, што задзіра. Такога задзіраку ўсе баяцца (Церахоўка, Добр.).
ЗАДРАЖКА (задрыжка) ж. аканіца. Задражку вецер сарваў, нада паставіць на месца (Маркавічы, Гом.); Зачыні задрыжкі на ноч, а то вецер прама ў вокны, холадна будзе спаць( Шарпілаўка, Гом.+Заспа, Рэч.; Неглюбка, Ветк.).
ЗАДУШНЫ прым. прагны. Такі задушны, што прыкра робіцца (Крыўск, Б.-Каш.).
ЗАЖАЛЕЦЬ зак. смаліць. Каля агню грэліся, дык і не прыкмеціў, як зажалела целагрэйка збоку (Заспа, Рэч.+Задуб'е, Раг.; Шарпілаўка, Гом.);
ЗАЖАРКА ж., тое, што задабра. Мяса, наверна, пажалела, зажарка рэдкая сёння (Ст. Рудня, Жлоб.); Без зажаркі суп нясмачны (Церахоўка, Добр.). Параўн. засквaрка, затаўка.
ЗАЖАРАНЫ дзеепрым., кул. запраўлены. Есьце, дзеўкі, суп у мяне смачны, зажараны (Аравічы, Хойн.).
ЗАЖАТАК м. сноп (першы зжаты). Зажатак прынесла і паставіла на прызьбе: «Няхай, кажа, усе бачаць, што жаць пачалі!» (Бабовічы, Гом.). Параўн. зажынак.
ЗАЖМЕНІЦЬ зак. намазоліць, натрудзіць. Зажменіш, бывала, рукі за дзень, баляць, ды яшчэ і мазолі (Хізы, Ветк.+Грушаўка, Нар.).
80 👁