КУМСА ж., тое, што кукса. Астаўся мой мужык з кумсай (Піркі, Браг.).
КУНІЦЫН прым. кунічы. Куніцын мех ведьмі дарагі (М. Аўцюхі, Калінк.).
КУНТАС м., тое, што кудас. Кунтасы ўсегда дзелалі яркія і красівыя (Р.-Бурыцкая, Лоеўск.).
КУНЯЎКАЦЬ незак. мяўкаць. Дай кату чаго, досыць яму ўжо куняўкаць (Піркі, Браг.).
КУНЯЦЬ незак. спаць. Ты не есі, а куняеш над міскай (Грушаўка, Нар.).
КУПАВА ж., бат. гарлачык. У купаве етай ат трахомы, ат залатухі купаюць (Хізы, Ветк.). Параўн. курачка II.
КУПАЎКА ж., бат. купалка. Купаўкі на кут ставім (Гарывада, Рэч.+Баравое, Лельч.; Ломыш, Хойн.).
КУПЕЦ м. пакупнік. Мой дзед гаворыць не пакупацель, а купец (Баравікі, Светл.+Марозавічы, Б.-Каш.; Ручаёўка, Лоеўск.).
КУПНІК м., тое, што качкарнік. Чаго яны па етом купніку пайшлі (Бабовічы, Гом.).
КУПОВАНЫ прым. куплены. Выцірайся купованым рушніком (Ліпляны, Лельч.).
КУПТЫРЫ толькі мн., бат. трава (балотная). Яна лецейка з балота куптыры насіла (Быч, Карм.).
КУРА ж. курыца. Ну і кура ў мяне, кожны дзень зімой нясецца (Ямпаль, Рэч.); Дзе наша рабенькая кура, ужэ трэйці дзень яе ні бачу (Каравацічы, Рэч.); Кура некуды сышла (Халочча, Чач.).
КУРА ж. грыб. Чаго ты не бярэш курэй? Іх жа ядуць (Халочча, Чач.+Неглюбка, Ветк.). Параўн. курачка I.
КУРАВА н. пыл. Праехала машына да нарабіла кураву (Бярэзнікі, Жытк.). Параўн. курота.
КУРАДАЎ м., заал. ястраб. Курадаў унёс тры курыцы, дзве здохла, так і перавялісь (Каранёўка, Гом.).
КУРАК аг. курыца (гермафрадыт). Ета ж не кура, а курак нейкі (Грушаўка, Добр.). Параўн. курач I.
КУРАК м. трэска (гнілая). Як нема дымара, то пудкурваюць пчол куракамі (Заходы, Лельч.). Параўн. курашка.
КУРАНЁНАК м., памянш. да кураня. Ужо прапаў адзін куранёнак (Залессе, Чач.); З дзесяці толькі тры куранёнкі асталася (Баравікі, Светл.).
78 👁