КУЛЁК м., памянш. да куль (саломы, лёну). Кулёк саломы меней за куля (Баравікі, Светл.); Я сёдні ні аднаго кулька не намяла. Сёння намяла пяць ці тры кулькі, а ў кульку двенаццаць жмень (Хізы, Ветк.).
КУЛІДА ж. булка хлеба. Купі мне две куліды хлеба (Заходы, Рэч.). Параўн. кулідка.
КУЛІДАЧКА ж., памянш. да куліда. Купі і мне кулідачкі дзве хлеба (М. Аўцюкі, Калінк.).
КУЛІДКА ж., памянш. да куліда. У цёткі я пазычыла кулідку хлеба для сняданку. Купі пяць кулідак хлеба і на маю долю (Крушнікі, Маз.+Багуцічы, Ельск.; Заспа, Рэч.; Ломыш, Хойн.; Навасёлкі, Петр.).
КУЛІК м., заал. кулік. Кулік больш ходзя, чым лётая (Патапаўка, Б.-Каш.); Кулік ляціць па-над вадой і спявае «ку-лік, ку-лік» (Ліпляны, Лельч.); Кулікі кладуць яйцы ў купельцы на балоце (Піркі, Браг.+Аравічы, Хойн.; Лядцы, Светл.; М. Аўцюкі, Калінк.; Насовічы, Добр.; Ямпаль, Рэч.).
КУЛОЧ'Е н., зборн. атрэп'е. Няма ніякага толку з кулоч'я. Спрадзеш і ніткі рвуцца (Дуброва, Лельч.).
КУЛЬДЗЮМ м., тое, што каператыў (капераціў). Каля кульдзюма людзей многа сабралася (Саўгасная, Б.-Каш.); Пайду ў кульдзюм хлеба куплю (Шылавічы, Б.-Каш.).
КУЛЬМАН м. світка. Калісь ткалі кульманы з башлыкамі (Чырвоная Буда, Добр.).
КУЛЬНУЦЦА зак. упасці. Вунь кульнуўся і ногі ўгору задраў (Піркі, Браг.).
КУЛЮКА ж., тое, што кавеня. Дзе наша кулюка падзелася? (Зарэчча, Жлоб.). Параўн. кавяня, каменя, камяня, кацуба.
КУМАР м. камар. Улетку няма спасу ад кумароў, вельмі ж назойлівыя насякомуе (Антонаў, Ельск.).
КУМАЦЬ незак. знікаць. Глянь, ужэ месяц кумае (Піркі, Браг.).
КУМЕКАЦЬ незак. разумець. Такая ўжо дзеўка, нічога не кумекае (Баравікі, Светл.).
КУМКАЦЬ незак. квакаць. Жабы на дож, мусіць, кумкаюць (Дзвіжкі, Ельск.+Баравікі, Светл.; Неглюбка, Ветк.). Параўн. курчаць.
КУМЛЯ ж., рыб., тое, што комля. Ужэ настало лето, то кумлі не скіне з плеч, будзе кажды дзень цегціса на ту канаву (Замошша, Лельч.+Верасніца, Жытк.).
80 👁