КЛЫКАЦЬ незак. блытаць. Не клыч лён (Палессе, Чач.).
КЛЫПАЦЬ незак. чыкільгаць. Я сёння ўжэ клыпала па масту. Краска высахла (Баравікі, Светл.).
КЛЫПЕНЬ м. кол (для звязвання плытоў). Вельмі часта клыпень ламаўся. Клыпень скрапляў калоды (Баравікі, Светл.).
КЛЫЧАНКА ж., тое, што клачанка. Як малоціш, клычанка астаецца (Холмеч, Рэч.); Прывёз воз клычанкі бульбу накрываць (Азяраны, Раг.+Бабовічы, Гом.; Грушаўка, Добр.; Палессе, Чач.). Параўн. клычань.
КЛЫЧАНЬ м., тое, што клачанка. Памалаціць памалацілі, а клычань хто прыбярэ (Неглюбка, Ветк.). Параўн. клычанка.
КЛЮНУЦЬ зак., перан. выпіць. Калі клюне стакан малака, то гэта добра (Баравікі, Светл.).
КЛЮЧОК м., тое, што клівун. Ключок вельмі шыбко бегае (Аравічы, Хойн.).
КЛЮЧЫНА ж. кроква. Рабочыя паклалі ключыны і пачалі прыбіваць латы (Засінцы, Ельск.).
КЛЮШНІ толькі мн. від калёс. Тыя клюшні ледзь цягнуліся (Марозавічы, Б.-Каш.); Накладзі сена на клюшні (Бабовічы, Гом.).
КЛЯВАЦЦА незак. дзяўбціся. Хоць бы гэтага пеўня прадалі ці што? Вельмі ж клюецца (Бабовічы, Гом.).
КЛЯВЕКА ж. дубанос. Клявека крычыць на балоце: кляве-кляве (Лядцы, Светл.).
КЛЯЙМОЎКА ж. кляймо. Кляймоўка вунь на стале ляжыць (Бабовічы, Гом.).
КЛЯМАР м., тэхн. ціскі. Ды гэта трэба на клямары рабіць (Бабовічы, Гом.).
КЛЯМАР м., цясл. рэйка (для выраўнівання і ўмацавання сцяны). Клямар залажаецца ў клінкі і зажымаецца, ён сцену выраўняе (Холмеч, Рэч.).
КЛЯМЛЯ ж. спражка. Цяпер ужэ мо і ніхто не кажа клямля (Рафалаў, Браг.).
КЛЯНІНА ж. драўніна (клёна). Зрабі тапарышча з кляніны (Дзям'янкі, Добр.).
КЛЯНОК м. кветка (хатняя). Насадзіла адных клянкоў (Р. Бурыцкая, Лоеўск.); Лісце ў клянкоў точно кляновые (М. Аўцюкі, Калінк.).
КЛЯНОЎНІК м., тое, што кляновік. Ды не пі ты гэты халодны кляноўнік (Баравікі, Светл.).
75 👁