КЛЕТНІК м. злодзей. Як захоча клетнік зло каму-небудзь зрабіць, дык сколькі ні сцеражы яго, а клетнік усё роўна ў клеці што-небудзь утворыць (Касцюкоўка, Гом.).
КЛЕЦ м. зуб (у баране). Паламаў клец, і гарод не дабаренуеш (Неглюбка, Ветк.). Параўн. клёц у 1 знач.
КЛЕШЧЫ толькі мн. абцугі. Клешчамі добра выцягіваць гвоздзі (Баравікі, Светл.).
КЛЕШЧЫ толькі мн. частка хамута (драўляная). Як хамут надзенеш, паставіш дугу і засупоніваеш клешчы (Хізы, Ветк.); Слаба клешчы сцягнуў, дак і дуга падае (Холмеч, Рэч.+Аравічы, Хойн.; Баравікі, Светл.; Марозавічы, Б.-Каш.).
КЛЁК м. сіла. Нема клёку ў цебе, чоловечэ (Углы, Нар.).
КЛЁК м. 1. гульня. Пашлі ў клёка пагуляем (Лукі, Жлоб.); 2. палачка (для гульні). Беры ж свой клёк і ідзі скарэй (Кароткавічы, Жлоб.).
КЛЁКАЦЬ незак., тое, што клекаць. Бусел клёкае на балоце (Марозавічы, Б.-Каш.). Параўн. клектаць, кракаць у 3 знач.
КЛЁП м., тое, што клеп. Клёп харошый, харашо й касіць (Літвінавічы, Карм.); Нашто табе кляпаць, у цябе й так клёп добры (Дземяхі, Рэч.); Няма клёпу на касе, трэба накляпаць (Чкалава, Гом.+Баравікі, Светл.; Марозавічы, Б.-Каш.; Насовічы, Добр.; Стаўбун, Ветк.).
КЛЁПКА ж., зборн. дранка. Памажы мне клёпку згрузіць з машыны (Халочча, Чач.).
КЛЁЦ м. 1. тое, што клец. Каваль паабяцаў выкаваць клёцы для бараны (Забалацце, Раг.); 2. зашчапка. Закрый хлеў клёцам (Літвінавічы, Карм.); 3. крук. Трэба клёц загнаць далей, бо скора вырвецца (Барталамееўка, Ветк.).
КЛЁЧЫКІ толькі мн. клёцкі. Я сення наварыла клёчыкаў (Кароткавічы, Жлоб.).
КЛІВУН м., заал. кулік. Клівун у балоце жыве (Ліпляны, Лельч.). Параўн. ключок.
КЛІНОК м. 1. памянш. да клін. У фуганку раскалоўся клінок, і выпадае жылязка (Засінцы, Ельск.); Каб кохта лаўчэй була, у рукава ўшывалі клінкі (Харомцы, Акц.); 2. мяшэчак (для сыру). Паглядзі, дзе наш клінок, хачу сённі сыру сабраць к зіме (Навінкі, Калінк.); З клінка капала сыровадка (Залессе, Чач.).
77 👁