ЗАЛОЖАЧНІК м. Драўлянае прыстасаванне закладваць ложкі, каб сушыліся пасля мыцця. Заложачнікі ці вешалі на сьцяну, ці ставілі на стол. Чырвоная Слабада Бых.
ЗАМУДОХАЦЦА зак. Стаміцца. Сённі за етымі свіньнямі замудохылась. Ніхай яно згарыць: есьці смашна, але ж гадаваць трудна. Чарнаручча Шкл.
ЗАНЕТКІ мн. уст. Вяселле. Я ўжо етыя гады ні хаджу на занеткі, дык i песьні пазабылася. Прысна Маг.
ЗАПАСКІ мн. Першы выган у поле жывёлы пасля зімы. Заўтра ўжо запаскі кароў. I ня згледзім, калі лецейка прыйдзець. Клімавічы Шкл.
ЗАПЛІКНУЦЬ зак. Зашпіліць. Заплікні сарочку, дарагей! Ніхарашо з голай шыяй. Нядашава Маг.
ЗАРЧЭЙШЫ(Й) прым. Прыгажэйшы. Вешай гардзіну етым бокам, кажыцца тут яна зарчэйшая. Н.Аляксандраўка Чав.
ЗАСІЛІЦЦА зак. Трапіць у бяду. Будзеш бегаць позна, дык засілісься дзенебудзь. Слабодка Дрыб.
ЗАСІЛІЦЬ зак. Зачэрпнуць (вады). Хадзі-ка, дзетычка, засіль мне вады. Бярозкі Хоц.
ЗАСТАСАВАЦЬ незак. Сустракаць (кароў з поля). Дзетачкі, няма мне січас часу з вамі рызгыварывацца: трэба йсьці кароў застасваць. А то ж згубіцца наша цёлка. Клімавічы Шкл.
ЗАСТАЛІЦЬ зак. Пакласці столь. К восіні сват сваю хату i засталіў, i замасьціў. Паршына Гор.
ЗАСЦІГНУЦЬ зак. Застаць. Раньнія зіма засьцігла нас урасплох. Некаторыя с палёў ні ўспелі ўбраць усё. Вот быў страшны гот. Машкоўка Гор.
ЗАСЦІЦЬ зак. Запэцкаць вопратку. Адась! Як жа ты засціў новую кашулю? Ці ж я табе буду кожны дзень новую даваць? Прысна Маг.
ЗАТХАЛА н. 1. Заткала. 2. Засланка. Дзе ш ета затхала падзявалася: няма, чым печ зачыніць. Галоўчын Бял.
ЗАХАМУТАЦЬ зак. перан. Поўнасцю завалодаць к.-н., прымусіць працаваць на сябе. Ні йдзі, чалавеча, ў прымы, захамутаюць цябе - будзіш дзень i ноч рабіць, як заклятый. Шышава Гор.
ЗАХОДДЗЕ н. Прамежак (паміж сцяною i печкай). Заходзьдзя забіць нада, а то ўсё закідаецца туды. Рыкі Маг.
ЗАЦІВАЦЬ незак. Прымушаць. Яе ці зацівай ці не, ці ш яна паслухыйіць. Сухары Маг.
ЗАЦІСНУЦЬ зак. 1. Заціснуць. 2. Перан. Звесці са свету. Штогод якога кабанчыка ці баранчыка зацісьнем - i мяса ні зводзілася. Трохі ўмелі жыць. Баравіца Бабр.
ЗАЦЭЛІЦЬ зак. Заняць (поўнасцю). Немцы ехалі, каб зацэліць ету вёску. Там i пасялілісь гады. Тударава Шкл.
114 👁