НЯСТАЧА, ГАЛІТА; ГАНІЦЬ, ЗАГАНА,
ЗАГАНІЦЬ, ГАНЬБА, ГАНЕБНЫ,
ГАНЬБІЦЬ, ГАНЬБАВАЦЬ
Калі чагось не стае ( = м. «не хватает», п. brakuje), дык таго нястача, Ар.; Войш.; Хаценчыцы Вял. ( = м. «недостаток», п. brak). Прыкладам, калі не стае хлеба, дык нястача хлеба. Можа быць нястача еміны наагул, або — яшчэ шырэй — нястача ўсяго матар'яльнага. Дыкжэ нястача ўсяго або шмат чаго матар'яльнага ёсьць нястачаю наагул ( = м. «недостаток», п. niedostatek) і абазначае стан блізка зьвязаны з беднасьцяй ды зьяўляецца першай ступеняй таго, чаго апошняй ступеняй ё галіта (Парх.; Нсл. 117) = м. «нищета», п. nędza.
Прыклады: было агульнае вялікае гора і вялікая нястача, 71; думкі пра заклятую адвечную нястачу, 149; Усё жыцьцё нястача, гарота, 347 (Усе тры прыклады із ЗСД).
Бывае такжа нястача чагось не матар'яльнага, абстрактнага: нястача асьветы, нястача волі, розуму.
«Недахоп» ё маскалізм, бо гэты непатрэбны нэолёгізм утвораны подле м. «недостаток».
Што ж можна ці трэба ганіць ( = м. «порицать, хулить»), тое ёсьць загана ( = м. «недостаток» п. wada). Гэтак заганаю ё ленасьць, неакуратнасьць. Баязьлівасьць таксама загана чалавека, асабліва жаўнера. Заганаю гаворкі можа быць шапятлявасьць, загікдівасьць. Заганаю еміны можа быць нястача ў ёй вітамінаў, тукаў, бялку. Усялякая нястача ёсьць заганаю, але гэта ня значыць, што замест «нястача» можна сказаць «загана».
Прыклады: Хлапец ніякай заганы ня маець, Нсл. 163; Работа без заганы, тм.; Каб яна, дзяўчына гэтая самая, ды была без заганы, ЛНЧ 23. Часіной плача няма ведама чаму — то ўжо загана, Ант. 100.
Заганіць, заганеваць — закідаць камусь ці чамусь загану, знаходзіць загану. Заганююць, заганілі работу, Нсл. 164.
Заганены — запсаваны дзеля заганы. Пянька заганена, ня чыстая, тм.
Заганны — із заганаю. Тавар не заганны, тм.; Заганная работа, тм.
Беззаганны — без заганы ( = м., безупречный, безукоризненный», п. nienaganny, bez zarzutu, bez przygany.
Заганлівы — 1) склонны знаходзіць у іншых загану.
88 👁