Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
здавалася, небяспека, жылка тоненькая, смеху варта, y вадзе і не бачна яе, парваць яе [карпу] такую што босаму разуцца (В. Казько. Цвіце на Палессі груша). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, сумяшчэнне несумяшчальных паняццяў. Як (што) костка ў горле каму. Уласна бел. Вялікая перашкода для каго-н., тое, што дапякае каму-н. Стаяў тады ў Крайску паліцэйскі гарнізон. Быў ён нам і вілейскім партызанам што костка ў горле (М. Вышынскі. Па вясну). Склаўся, відаць, на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма стаць косткай у горле (каму, каго), які абазначае 'вельмі перашкаджаць, выклікаючы ў каго-н. неспакой, хваляванне, раздражненне і пад.'. Як (што) сабаку муха для каго, каму. Агульны для бел. і ўкр. (як собаці муха) м. Нічога не значыць для каго-н., зусім не дастаткова каму-н. (пра ежу, пітво). Тая ўчарашняя шклянка самаробкі для Нагніля як сабаку муха (І.Канановіч. Старыя званы). Паходзіць з параўнальнага звароту, y аснове якога вынік назіранняў за паводзінамі сабакі: ён у летні час, лежачы каля будкі, як бы між іншым, імгненна хапае пралятаючую побач муху, хоць для яго гэта занадта мізэрны наедак. Параўн.: «Рэкс, які на ланцугу… толькі сярдзіта, нягучна пагаўквае на камароў, на ляту хапаючы ды чаўкаючы іх. Гаворыцца: „як сабаку муха". A тут яшчэ меншая назола» (Я. Брыль). Як (што) шыла ў мяшку. Агульны для бел. і руск. (шило в мешке) м. Што-н. відавочнае, яўнае, якое нельга ўтаіць, схаваць. Любая, нават мізэрная радасць што шыла ў мяшку. Ну паспрабуй яе схаваць! (П. Палітыка. Свой хлопец). Паходзіць з прыказкі Шыла ў мяшку не схаваем, сэнс якой 'немагчыма ўтаіць тое, што само сябе выдае'. Як шчыгрынавая скура. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как шагреневая кожа, укр. як шагренева шкірка). Прыкметна, адчувальна (скарачацца, звужацца, меншаць і пад.). Чаму настаўніцкі заробак увесь час сціскаецца як шчыгрынавая скура? (А. Куліцкі. Фількава грамата). Паходзіць, хутчэй за ўсё, ад назвы рамана «Шчыгрынавая скура» (1831) Бальзака. Параўн.: «Скукожылася, скурчылася, усохлася савецхая імперыя, як славутая шчыгрынавая скура Анарэ дэ Бальзака» (У. Крукоўскі). © Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2016 © PDF: Камунікат.org
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
50 👁
 ◀  / 440  ▶