Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
гэтыя веды былі не ніжэй, чым на ўзроўні прымянення ў стандартнай сітуацыі» («Настаўн. газ.»); «Цяжка сёння з упэўненасцю казаць, што з гістарычных дакументаў магло быць вядома Купалу, а па вялікім рахунку інфармацыя тады была больш даступнай, чым нават сёння» (І. Жук); «Дарэмна аўтар манаграфіі канстатуе ў ранняга Я. Чыквіна „дакладны памер", „выразнасць рытмічнага малюнка, рыфмоўкі". Гэтага па вялікім рахунку проста няма ў першым зборніку, хоць крытыку вельмі хочацца згаданыя здабыткі знайсці» (А. Пяткевіч). Пераважаюць, аднак, выпадкі, калі выраз па вялікім рахунку ўжываюць недарэчна, без пэўнай сэнсавай нагрузкі, ператвараюць яго ў штамп (накшталт славутага Зноскавага «меджду протчым» з «Тутэйшых» Янкі Купалы), робяць яго нейкім пабочным словазлучэннем і выдзяляюць ці аддзяляюць коскамі: «А што робіць аўтар са сваімі героямі? Ён проста іх забівае. Бо, па вялікім рахунку, не ведае, што з імі рабіць»; «Па вялікім рахунку, дзякуючы ім [педагогам], мы на пытанне: „Ці хочаце вярнуцца ў школу?" — адказваем: „А я там сёння ўжо быў"»; «Інвестыцый — кот наплакаў. А без іх і ні туды і ні сюды. Іх, па вялікім рахунку, і не будзе пры цяперашняй уладзе»; «Наша акадэмічная падрыхтоўка становіцца бездапаможнай на амерыканскіх вуліцах, у інтэрнатах і кавярнях, дзе ёсць свае правілы зносінаў, свае словы, свая па вялікім рахунку мова». Зразумела, што такія недакладнасці — не на карысць культуры маўлення пэўных аўтараў і самой беларускай мове ў цэлым
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
46 👁
 ◀  / 440  ▶