Старонка 19
◀ / 165 ▶
СЛОЎНІК А АД ВЯЛІКАГА ДА СМЕШНАГА АДЗІН КРОК ⇐ фр. Du sublime au ridicule il n'y a qu'un pas – афарызм Напалеона Банапарта (1769–1821), імператара Францыі (1804–1815), які ён сказаў у снежні 1812 г. падчас бегства яго арміі з Расіі, пра што згадваецца ў кнізе "Гісторыя пасольства ў Вялікае герцагства Варшаўскае" (1816) французскага дыпламата і публіцыста Дамініка Дзюфура дэ Прадта (1759–1837) ⇐ фр. En general, le ridicule touche au sublime ('Увогуле, смешнае мяжуе з вялікім') – афарызм французскага пісьменніка Жана-Франсуа Мармантэля (1723–1799). □ Важнае, істотнае нярэдка мяжуе ў жыцці з дробязным, нязначным. Гаворыцца, калі становішча каго-н. або чаго-н. нечакана і хутка змяняецца на супрацьлеглае. 🕮 – Я вось аб чым думаю, – супакоіўшыся крыху, сказала яна. – Тут жа вакол нас мусіць быць шляхта, а мо і досыць вяльможныя паны. Трэба знайсці новых знаёмых. – Так, так! Княгіня Друцкая і павятовая або засцянковая шляхта! Ну што ж, і Напалеон казаў, што ад вялікага да смешнага адзін крок... Урэшце, – дадаў, счакаўшы, князь, – як сабе хочаш: заводзь знаёмствы, склікай паноў, напаўпаноў, толькі я застануся ў баку ад гэтай мясцовай чэлядзі. (Я. Нёманскі. Драпежнікі). [Чыкілёнак:] – За два дні паспеў? Глядзі, хутка прыеду. Помні – ты ж у нас перадавік. Сам разумееш. Ад вялікага да смешнага адзін крок, – так, здаецца, нехта сказаў. Запомні! (І. Чыгрынаў. Дзівак з ганчарнай вуліцы). Смеху варта: ад вялікага да смешнага адзін крок, а смешнае да вялікага дацягнуцца не можа. (М. Коўзкі. Доля праўды). *[Грэнка (грозна):] – Кінь, Сымон, свае жарты. Нідзе ты без іх не можаш абысціся. Тут справа сур'ёзная, і да яе трэба адносіцца сур'ёзна. Не трэба камедыянцтва! [Гарнак:] – Вялікае і малое, трагічнае і смяхотнае поруч ходзяць. (Я. Колас. Забастоўшчыкі). – Люблю машыны... Мая мара! – летуценна сказала Марына. – Што ж, ад мары да рэчаіснасці цяпер адзін крок, – супакоіў яе Драгун. – Аднак мяне цікавіць больш не тое, што будзе, а тое, што ёсць. (У. Дамашэвіч. Камень з гары). Параўн.: Ад вялікага да смешнага адзін крок (Лепешаў, Якалцэвіч [1996] 2002: 39). Руск.: От великого до смешного один шаг (Ашукин, Ашукина [1955] 1987: 252; Берков, Мокиенко, Шулежкова 2000: 351), Один шаг [от великого до смешного] (Ашукин, Ашукина [1955] 1987: 510).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
76 👁
◀ / 165 ▶