ШВЫРГАЦЬ, дзеясл. Шпурляць, кідаць. Ен расьсердзіўсь, што ны яго крываць пылажылі адзежу, ды як пычаў швыргаць ў парог. Арцёмаўка Міласл.
ШВЭНДЭЛКА, -і, ж. [Шыдэлак], кручок для вязания. Вяжы сабе маёй швэндэлкай, толькі ні зламай. Мсціслаў.
ШКАБА, -ы, ж. Скаба [кандыба], худы конь. Ета ня конь, а шкаба. Хвёдараўка Краснап.
ШКАДАВАЦЬ, дзеясл. Шкадаваць. Мае бацькі сыстарэліся, іх нада шкадаваць. Пірагова Мсцісл.
ШКАДЛІВЫЙ, прым. Шкодны. Шкадлівы чылавек. Міцькаўшчына Мсцісл.
ШКАДУВАЦЬ, дзеясл. Шкадаваць. Наш атопшчык зусім ні шкадуя дроў. Старае Сяло Мсцісл. Што ты шкадуіш падыгнаць сваю клячу? Ушакі Чэрык.
ШКАЛІК, -а, м. 1. [Шкалік], чарка. Новенькі шкалік разьбіўся — нечым цяпер гарэлку піць. Добрае Мсцісл. 2. Невялікая пляшачка, [бутэлечка]. Уляў зельля ў шкалік. Хвёдараўка Краснап.
ШКАНДАЛ, -у, м. Скандал. Ой, якей шкандал быў. Хвёдараўка Краснап.
ШКАНДАР, -а, м. Кавалак бервяна, што закопваецца пад вуглы будынка. Шкандары ў хаце згнілі, вуглы аселі. Крычаў.
ШКАП, -а, м. Шафа. У шкапе вісіць адзежа. Хоцімск. Столір зьдзелыў нам адзежный шкап. Слаўнае Мсцісл. Нешта ў мяне шкап ні паліруецца. Лешчынка Мсцісл.
ШКАПА, -ы, ж. Шафа. Павесь кохту ў шкапу. Буліна Касцюк.
ШКАРІДЗЬ, -і, ж. Скнара, скупы чалавек [і нікчэмнасць]. Грошы поўна ў етый шкарідзі, а жывець хужы злыдня — сам сабе есьць жалеіць. Горкі Краснап.
ШКАРПЭТКІ, -так, мн. л. Шкарпэткі. Адзень цёплыя шкарпэткі. Буліна Касцюк. Якія ты шкарпэткі надзеў, пальцы тырчаць. Набуй другія, а етыя нада зацурувадь. Зяціца Мсцісл.
ШКАРЫД, -а, м. [Скнара], скупы чалавек [і нікчэмнасць]. Няйдзі ты к яму і ні прасі, усё роўна ні дасьць: што ўжо шкарыд, дык закрый бог! Пірагова Мсцісл. Ен яшчэ шкарэд, чаго ты зь яго хочыш? Хвёдараўка Краснап.
ШКАРЭДЗЬ, -і, ж. [Скнара], нікчэмнасць. Каб хто гыварыў людзкі, ато шкарэдзь етыя. Тур'я Чэрык. Шкарэдзь ты! Хвёдараўка Краснап.
ШКВАРКА, -і, ж. Скварка, кусочак печанага сала. Баба ны закус дыла пы шкваркі сала. Ета ні сала, а шкваркі. Палуж Краснап.
ШКВАРЫНЫЙ, прым. Скварaны, печаны. Калі хочыш, дык еж шкварыныя сала, там стаіць ны скыўрадзе. Пірагова Мсцісл.
ШКВАРЫЦЬ, дзеясл. Скварыць, пячы. Як толькі мы прышлі, дык іна зараз дыстала сала, кыўбасу і дывай шкварыць ны загнеткі. Белы Камень Бялынкав.
ШКВЯРЦІСЬ, дзеясл. Сквярціся [кракгаць]. Курапы шквяруцца ў балоці. Палуж Краснап.
ШКЕЛЬНІЧЫЦЬ, дзеясл. Кпіць, насміхацца. Кінь ты над ім шкельнічыць, ато ён січас зыплачыць. Бяседавічы Хоцім.
ШКЕТ, -а, м. Малеча, невялікі хлапчук. Ах ты шкет, і ты сюды ўмазыўся. Хвёдараўка Краснап.
ШКІЛЁТ, -а, м. Шкілет, худы. Жонка яго ляпёха — ляпёхай, а сам шкілет. Хвёдараўка Краснап.
ШКІПІНАРЬ, -ю, м. Скіпідар. Ат прастуды нада шкіпінарім цела добря нацерьці і добря ўкріцца ноччу, штоб пріпацець. Бяседавічы Хоцім.
ШКЛО, -а, н. Шкло. Шкло нейкыя цьмяныя, праз яго нічога ня відна. Гарадок Раснян. Шкло ў раму далі паставіць добрае. Кажамякіна Краснап.
ШКЛЯНКА, -і, ж. Шклянка, стакан. Шклянка разьбілась. Хоцімск. Пыстаў шклянку на сподак, ато ні дынясеш. Сідараўка Калініншчына.
ШКЛЯНЫЙ, прым. Шкляны. Пынавешыла на шыю шкляных кралік, аж шыю гнуць. Слаўнае Мсцісл.
ШКЛЯНЫЧКА, -і, ж. Памянш. ад шклянка. Тыкая прыгожыя была шклянычка, ды пабілась. Буглаі Краснап.
ШКЛЯР, -а, м. Шкляр. Нешта шкляр ня едзіць, нада вокны ны зіму ладзіць. Слаўнае Мсцісл.
ШКОДА, -ы, ж. і шкод, -у, м. 1. Шкода, страта, бяда. У нас шкода: конь зайшоў у пшаніцу і зьеў целыя гоні. Лапаціна Мсцісл. Якей ты вапрук, дзе ні паверніс-ся — шкоду наробіш. Хвёдараўка Краснап. Коні надзелылі шкоды: пытыпталі і паелі авёс. Слаўнае Мсцісл. 2. Тое, што можна патравіць. Ня путый тут коні, тут шкода блізка. Лешчынка Мсцісл. Пыглідай тут ны майго кыня, штоб у шкоду ні зайшоў. Аляксандраўка Краснап.
ШКОДА, прысл. Шкода. Дужа шкода мне часу. Сохана Мсцісл. Мне шкода свайго брата. Чыгрынаўка Раснян. Шкода было прадавадь кыня, але нічога ня зробіш — грошы патрэбны. Сохана Мсцісл.
ШКОДЗІЦЬ, дзеясл. Шкодзіць, перашкаджаць. Атламі ету хлыбазіну, ато іна шкодзіць. Чыгрынаўка Раснян. Ты ідзі ды пад ногі глядзі — асьцярожнысьць ніколі ні шкодзіць. Старае Сяло Мсцісл.
ШКОДНА, прысл. Шкодна. Ен ні глядзіць, шкодна ета ці не, валіць ныпрямік. Бяседавічы Хоцім.
ШКОЛА, -ы, ж. Школа. Вучні бягуць у школу з торбамі. Крычаў. Чаму ты сёньня ў школе ня была? Ня было ў вошта набуцца. Канава Хоцім.
ШКРАБ, -а, м. Месца, падрапанае сабакам. Пірайшоў ціраз шкраб, будзіш шкрабыцца. Хвёдараўка Краснап.
ШКРАБНІЦА, -ы, ж. Скрабніца. Тут хоць шкрабніцый шкрабі, і то нічога ня выйдзя. Хвёдараўка Краснап.
ШКРАБЫЦЦА, дзеясл. [Шкрабацца], скрабацца [скрэбціся]. Схадзіў бы ты ў лазьню, ато шкрабыіцца ўвесь час. Парадзіна Мсцісл. Пірайшоў ціраз шкраб, будзіш шкрабыцца. Хвёдараўка Краснап.
ШКРАБЫЦЬ, дзеясл. Шкрабаць, скрабаць [скрэбсці]. Пычаў ужо шкрабыць ногі — кымары накусалі. Парадзіна Мсцісл.
78 👁