вання. А што тут адкладываць на другей раз, у суботу з'ядзім, а ў скрысенне паглядзім.
У хазяйстве і аборка да ладу. У гаспадарцы нічога лішняга не бывае. Не нада нічым дужа раскідывацца, у хазяйстве і аборка да ладу.
У хаце гаршчок аб гаршчок стукнецца. Жывучы сумесна, нельга пазбегнуць сутычак. Як ні жыві разам, а за штонебудзь зачэпішся, у хаце гаршчок аб гаршчок стукнецца.
У хвастуна ўсяму адна цана. Хвалько заўсёды пераўвялічвае. У хвастуна ўсяму адна цана: усяго многа, усё дужа харошае і ўсе яму завідуюць.
У цеснаце і кукіш не пакажаш (не скруціш). У цеснаце немагчыма што-небудзь рабіць. Ехалі, што было ні павярнуцца, ні шалахнуцца, у такой цеснаце і кукіш не пакажаш. Ну і надаела слухаць яго лухту, дык жа ў цеснаце і кукіш не скруціш. Сін.: У цеснаце і кукішу няма места. Ды ніяк не маглі адвязацца ад Канаплёвага, у цеснаце і кукішу няма места.
У цеснаце пражывеш, у крываце прагаруеш. Цяжка жыць пры непрыязных адносінах. Папалася Вольга, як у пекла, і ніякага выхаду, праўду кажуць: у цеснаце пражывеш, у крываце прагаруеш.
Уцёк — не ўцёк, а пабежч нада. Нават у складаным становішчы неабходна прадпрымаць захады, каб выблытацца. Што ж так сядзець, ждаць неізвесна чаго, уцёк — не ўцёк, а пабежч нада.
У чужой старане паклонішся баране. На чужыне цяжка адчуваць сябе роўным з іншымі. Харашо жыць там, айдзе радзіўся, ты ўсіх знаеш і цябе ўсе, а пасярод чужых цяжола, у чужой старане паклонішся баране.
У чужой хаце і сцены чужыя. У чужым, незнаёмым месцы адчуваеш сябе няўтульна. Прывыкла яна тут і нікуды не пойдзе, пляменніца то пляменніца, только ў чужой хаце і сцены чужыя.
У чужым воку сурына не відна. Непрыемнасці іншых не ўсіх турбуюць. А што Кузьме, калі табе дрэнна, у чужым воку сурына не відна.
У чужым свайго не знайдзеш. Цяжка сярод чужых, калі няма падтрымкі. Што ён дакажа, калі ўсе проця яго, у чужым свайго не знайдзеш.
80 👁