Ігрушы ў бары не растуць. Бескарысна шукаць там, дзе гэтага не можа быць. Не, братка мой, тута ты не пажывішся, ігрушы ў бары не растуць. Вар.: Ігруш у бары не бывае (не сарвеш). А ты і сам не хужы мяне знаеш, што ігруш у бары не бывае. Напрасна ты ішоў сюда, ігруш у бары не сарвеш. Сін.: Пад асінкаю яблык не шукай. Усяму нада знаць сваё места, пад асінкаю яблык не шукай.
І з крывых дроў жаркій агонь. Варта звяртаць увагу не толькі на знешні выгляд, але ў першую чаргу на сутнасць. Маша так стараецца, адны б яны закапаліся, з гразі не вылезлі б, і з крывых дроў жаркій агонь.
І кошка хазяйка, як бліны на паліцы гумар. Добра распараджацца, калі ёсць запасы. Чаму не пачаставаць людзей, калі ёсць чым, і кошка хазяйка, як бліны на паліцы.
І к чыстаму целу гразь ліпне (прыліпае). Ад брудных учынкаў можа пацярпець невінаваты. Другей раз душою не вінават, а на чалавека напрасліну ўзвялі, і к чыстаму целу гразь ліпне. Яно ж усягда бывае, і к чыстаму целу гразь прыліпае.
І так бывае, што праўда крыўду перамагае. У жыцці нямала несправядлівасці, але часамі яна атрымлівае належны адпор. Даскакаўся яго кум, дапрыгаўся, усё паверх калгаса хадзіў, найшліся, што ўнялі, і так бывае, што праўда крыўду перамагае.
Ішло як па маслу, на павароце згасла. Доўга шанцавала, але нарэшце шанцаванне абарвалася. І Свірыдзёнак ходзіць павесіўшы галаву, усё ў яго ішло як па маслу, на павароце згасла.
Кажнаму (усякаму) свая болька баліць. Кожнага ў першую чаргу турбуюць уласныя справы. У Праскоўі толька і разгавораў пра сына, канешне, кажнаму свая болька баліць. І старэй, і маладзей знаюць, што ўсякаму свая болька баліць.
Кажная кошка свой хвост хваліць (сваім хвастом любуецца) гумар. Кожнаму ўласціва выстаўляць на паказ свае лепшыя якасці. І Томачка прыбралася, задаецца, кажная кошка свой хвост хваліць. Ад зеркала Панасоўна не адходзіць, разглядае прыборы, што ж, кажная кошка сваім хвастом любуецца. Вар.: Кажный пятух свой хвост хваліць (сваім хвастом ганарыцца); Кажный чорт сваё балота хваліць. Вун як вісока задраў свой нос Антонька, ну як жа,
87 👁