Дзялы не плахі: тры тараканы і дзве блыхі. Жартоўнае вызначэнне маёмаснага стану асобы. Ну як жа, твой швагер жыве пан панам, у яго дзялы не плахі: тры тараканы і дзве блыхі.
Дзяцей гадуй і торбу гатуй. Дзеці нярэдка праяўляюць няўдзячнасць да бацькоў. Шчаслівыя бацька з маткаю, калі задашныя дзеці, а то ж бывае, дзяцей гадуй і торбу гатуй.
Для пацехі грыз арэхі гумар. У вольны час чалавек знаходзіць занятак па душы. Што ты гаворыш, не знаючы, а можа ён для пацехі грыз арэхі.
Днём і без свечкі відна. Відавочнае не патрабуе тлумачэння. Не нада мне нічога аб'ясняць, нааб'ясняліся дос, днём і без свечкі відна.
Добрая слава на месце ляжыць, а дурная па свету бяжыць. Весткі пра дрэннае распаўсюджваюцца значна хутчэй, чым пра добрае. Нечага яму аб'ясняць, ён і сам паняў, што добрая слава на месце ляжыць, а дурная па свету бяжыць.
Доўга з рук схадзіла, ды вузлом завязалася (закруцілася). За ўчынкі асуджальнага характару ў рэшце рэшт даводзіцца расплочвацца. Стахвану тожа ўсё доўга з рук схадзіла, ды вузлом завязалася. А вун помніш, як Мікіпаронку доўга з рук схадзіла, ды вузлом закруцілася.
Доўгія рукі часта ламаюць. Злодзей звычайна атрымлівае пакаранне. Скора дакрадзецца і другей, пойдзе ўслед за братам, доўгія рукі часта ламаюць.
Дождж (дожджык) не падапрэш. Прамое значэнне. Ну што ж ты здзелаеш, дождж не падапрэш. А во цэлый дзень сыпле і сыпле, аж надаеў, ну дожджык не падапрэш.
Дождж нянасцю не памеха. Нярэдка адна няўдача цягне за сабой другую. Не павязло Храсінне з пастройкаю, а тута з кароваю так палучылася, — што ты здзелаеш, дождж нянасцю не памеха.
Дочкі кідаюць (астаўляюць) без сарочкі. Уладкаванне ў жыцці дачок вымагае вялікіх выдаткаў. Чэша галаву Піліпёнак, настаяшчый разур у сям'е, дочкі кідаюць без сарочкі. А як бы яна хацела тры свадзьбы адну за другою справіць, дочкі астаўляюць без сарочкі.
93 👁