Галава яловая, макушка дубовая. Іранічная характарыстыка абмежаванай асобы. З кім ты бярэшся талкаваць, у яго галава яловая, макушка дубовая!
Гарэлка вадзіла, а чорт атвячай гумар. Адказ на павер'е, быццам п'яных водзяць д'яблы. А нашы ж, бывала, з карчмы ідуць, у аборках начуюць, тады: чэрці, чэрці вадзілі; не, гарэлка вадзіла, а чорт атвячай.
Гатоў: лапці на нагах, брыль на галаве. Беднаму чалавеку проста сабрацца. Якея ў Кісялёнка зборы, вун ён, гатоў: лапці на нагах, брыль на галаве.
Глухей не кажный чуе. Жартоўнае выказванне пры характарыстыцы таго, хто дрэнна пачуў або не зразумеў сказанага. Праўду гавораць, што глухей не кажный чуе.
Глядзіць, каб смятана (смятанка), ды яшчэ падсалоджаная гумар. Характарыстыка аматара смачнай яды. Не дужа яму дагодзіш, усягда глядзіць, каб смятана, ды яшчэ падсалоджаная. А што ж ты думала, зяця ўстрачаць так сабе, зяці глядзяць, каб смятанка, ды яшчэ падсалоджаная.
Гніся не гніся, а ў аглоблі станавіся. Рабіць неабходна нягледзячы на нежаданне, стомленасць, хваробу. І сілы няма, і рукі не хочуць гнуцца, але ж нічога не папішаш, гніся не гніся, а ў аглоблі станавіся.
Гноем поле не спорціш. Уносіць угнаенне карысна. Каб сабраць хлеб, харашо ўсцілай і параніну, і яравый клін, гноем поле не спорціш. Сін.: Зямля (зямелька) гной любіць. Раншы ската многа дзяржалі, гною вун сколька настаівалі, а зямля гной любіць. Зямелька гной любіць, укладзі харашэнька, дык і нажнеш, і накапаеш.
Гнявы не страшаць хлявы. Гнеў трэба накіроўваць у канкрэтны адрас. Калі зяць не так дзелае, яму прама і гавары, а не ўпустую, гнявы не страшаць хлявы.
Грашам шчот, а плаццю аршын. Усё патрабуе дакладнага ўліку, вымярэння. Перш чым рэзаць, нада было харашэнька памераць, не дарма ж кажуць: грашам шчот, а плаццю аршын.
Грошы і ў мароз растаюць. Грошы вельмі хутка растрачваюцца. Капейчыну ўсягда нада прыблюдаць, не траціць на абы-што, а то грошы і ў мароз растаюць.
93 👁