Як гнёт на пяньку (каноплі) жарт. З моцным ціскам. Ускоціцца, як гнёт на пяньку, ляжыць і не паварушыцца. Кажный раз заляжа тут, як гнёт на каноплі.
Як гною. Празмерна многа (звыч. пладоў). Гуркоў сёлета як гною, дзявацца некуды, Стахваніха парасятам сякець.
Як голаму памыцца. Проста, лёгка. Ёй прыдумаць якую-небудзь лухту на чалавека, як голаму памыцца.
Як голеный перад стрыжаным жарт. Моцна (ганарыцца). Падажджыце, прыдзе Цімох, тэй пазадаецца, як голеный перад стрыжаным.
Як град па бляхе. Гучна (грукаць). Што яны дзелаюць пад паветкаю, ляскочуць, як град па бляхе, — каб не па пальцах.
Як грады загробшы. Ганарліва (паводзіць сябе). Ты пачала задавацца, як грады загробшы, а ў цябе работы-работы цераз край.
Як гром за маладнёю. Абавязкова (з'яўляцца). Выбегла Маланка, а ўслед Напрэй, як гром за маладнёю.
Як грузд (груздзік, гвоздзік). Здаровы, добра складзены. Трошку быў прыбалеў, а цяпер ужо, як грузд, бегае. Як груздзікі мальчыкі, крэпенькія і ўсягда слухмяныя. Здаровенькій малыш, як гвоздзік, і ўсё смяецца.
Як гурок. Спакойна. Кіне малага аднаго ў люльке, і ён качаецца, як гурок.
Як гусь (мыш) у мякіну. Настырна (лезці). Шчэміцца да іх у радню, як гусь у мякіну. Усё падлазіла к Сяргею, як мыш у мякіну, ды нічога не палучылася.
Як да неба. Надзвычай далёка. Туды дабірацца, як да неба, з маімі нагамі двое судак будзеш плесца.
Як да пня (сцяны). Бескарысна (гаварыць). Несазнацельный быў чалавек, яму скажы — усё як да пня, адвернецца і не слухае. Яму гаворыш, як да сцяны, быдта яго не касаецца.
Як двухпудовую гіру. З цяжкасцю (паднімаць). Ты етый цельпушок падымаеш, як двухпудовую гіру, ён жа не цяжолый.
Як дзіровая бочка. Надакучліва (бурчаць). Сіпіць і сіпіць, як дзіровая бочка, надаела ета слухаць да чорцікаў.
Як дзіцёнак без цыцкі. У бядотным стане. Сколька ўрэмя яна жыла, як дзіцёнак без цыцкі, — калі суседка налле місачку крупені.
80 👁