Без лыча не свіння, без барады не казёл. Кожны прадмет, з'ява мае адметныя ўласцівасці. Ты ўспомні-ка, як старая Маўра казала: помніце, дзеткі мае, без лыча не свіння, без барады не казёл.
Без меркі (капыла, спіцы) і лапця не спляцеш. Да любой справы неабходна грунтоўная, сур'ёзная падрыхтоўка. Што, ты хочаш, каб наабум Лазара палучылася? — не, без меркі і лапця не спляцеш. Як думаеш, так і мяркуй, а без капыла і лапця не спляцеш. А нягож няпраўда, для ўсякага дзела нада прыспасабленне, без спіцы і лапця не спляцеш. Сін.: Без тапара хаты не зрубіш. Калі жывеш, і тое пад рукі нада, і другое, інструмент усякій набываеш, без тапара ж хаты не зрубіш.
Без сілы свет нямілый. Цяжка жыць пры адсутнасці здароўя. Нікуды Маланка не паказываецца, у яе змагі няма, а без сілы свет нямілый.
Белка зайцу дваюрадная цётка. Жартоўнае выказванне пра неістотныя сваяцкія сувязі або адсутнасць іх. Пёкла з Цімохам такая радня, як тэй казаў, белка зайцу дваюрадная цётка. Сін.: Лапаць боту траюрадный пляменнік; Блізкая радня: Саўчынай цёткі дваюрадный пасынак; Чужой дзядзіне родная Маланка; Хомка Саўку дваюрадный дзевер; Саўчынай цёшчы траюрадный Хомка; Блізкая радня: у адной сажалке купаліся (тапіліся); Радня з паўдня, а як сонца зайдзе, тады і чорт не найдзе. Што вы галаву тлуміце, якое ў іх свайство, лапаць боту траюрадный пляменнік. Як жа твайму суседу не радніцца, калі ён блізкая радня: Саўчынай цёткі дваюрадный пасынак. Не трылюдзьце вы: радня, радня, чужой дзядзіне родная Маланка, — во якая яны радня. Якая там радня, ета іхнія прадзеды радніліся, а цяпер Хомка Саўку дваюрадный дзевер. Канешне, яны свае: ён Саўчынай цёшчы траюрадный Хомка. Ды знаем, якея яны свае: у адной сажалке купаліся. Такая радня, што ў адной сажалке тапіліся. Сюды ж адносіцца жартоўны дыялог: — Радня? — Радня: твая маці і мая маці пяклі бліны ў адной хаце.
Бог не слухае, калі свіння рухае. Брыдкаслоўе лепш не слухаць. Каму ж панаравіцца, калі ў яго па-сабаччы з рота скача, і бог не слухае, калі свіння рухае.
Бог увідзіць — прамаўчыць, баба ўсяму свету раскажа. Асуджаецца празмерная балбатлівасць. Хведзька прай-
93 👁