АБКАЛГАНІЦЦА (апкылганіцца) зак., жарт. Абстрыгчыся, падстрыгчыся. У каго б гэта сабе апкылганіцца?
АБКАЛГАНІЦЬ (апкылганіць) зак., жарт. Абстрыгчы, падстрыгчы. Дывай я цябе апкылганю.
АБКАПЫЛЕНЫ (апкапыліны) дзеепрым. Абкапаны, апрацаваны капаніцай. Мыя бульба ўжо даўно апкапыліна.
АБКАПЫЛІЦЬ (апкыпыліць) зак. Абкапаць, апрапаваць капаніцай. Ніяк ні зьбяруся бульбу апкыпыліць, усё некылі.
АБКАПЫЛЬВАННЕ (апкапылівыньня) н. Абкопванне, апрацоўка капаніцай. Апкапылівыньня трэба будзя на бульбі зьдзелыць.
АБКАПЫЛЯЦЬ (апкыпыляць) незак. Абкопваць, апрацоўваць капаніцай. Два дні бульбу апкыпыляю.
АБЛАПЭШАНЫ (аблапэшыны) дзеепрым. Лоўка і непрыкметна ачышчаны. Гляджу, а ў мяне кырманы аблапэшыны і пыпірос німа.
АБЛАПЭШВАННЕ (аблапэшваньня) н. Абкраданне. Я ніколі ні зынімаўся аблапэшывыньнім.
АБЛАПЭШЫЦЦА зак. Абдзяліць сябе. Я ўжо набіў руку, ніколі ні аблапэшуся.
АБЛАПЭШЫЦЬ зак. Лоўка абкрасці, абабраць. Прыду ноччы, усе твае ігрушы аблапэшу.
АБЛАХАЦЬ (аблахыць) зак. Абхадзіць, абшукаць. Увесь лес аблахыіш, а грыба ні знайдзіш.
АБЛІВАКА ж. Галалёд. І золка на вуліцы, і сьліска — аблівака.
АБЛЕЗЛІК (аблезьлік) м., абразл. Недарослік. Ад аблезьлікаў у садзе спасу (ратунку) німа.
АБЛЫБАЦЬ (аблыбыць) зак. Пазбіваць касою буйную расліннасць. Пайду быльнік аблыбыю ля плоту.
АБМАШКА ж. Пралік. Гэта я абмашку зьдзелыў, што ні паехыў разым з табой.
АБМАХНУЦЦА зак. Памыліцца. Ня можа быць, каб я мог тута абмахнуцца. 2. Прамахнуцца. Абмахнуўся і пыпаў палкый прама ў вакно.
АБМАХНУЦЬ зак. Абдурыць, абмахляваць. Другі раз скулу ты мяне абмахнеш. 2. Абысці, аб'ехаць кругом. Прыдзіцца нам гэта балота абмахнуць.
АБМЫЛКА ж. Прамашка. Тут, хлопцы, нешта ня тоя, абмылка, відаць.
АБМЫЛІЦЦА зак. Памыліцца. Хто нічога ня дзелыя, тэй і ні абмыліцца.
81 👁