СМАРЧОНАК м. Неслух. Ах ты, смарчонак, хадзі сюды, я табе пакажу, як браць чужое. Каму я казала: не чапай, ета ўсё девачак, што у нас жывуць. Пярэдзелка.
СМАШНЫ прым. Смачны. Табе тое не угодна, тое не смашна — не угодіш. Дзяражычы. Хоць і воўна, абы кішка поўна — не прыгледайся, шо не смачнае, паеў абы што. Дзяражычы. Добры. Жысць была не вельмі смашная: і нологі булі, і штрахоўкі. Карпаўка.
СМЕРЦЬ: чэснаю смерцю. Сваёй смерцю. У прэстарэлы дом пайду, дак чэснаю смерцю закапаюць і усе. Дзяражычы. Смерць прышла. Прышоў час памерці. Адна прасіла, дак смерць прышла, дак ена кажа, каб я шчэ пажыла. Дзяражычы.
СМОЛКА ж. Малако каровы перад цяленнем. Еслі смолка паявілася, то да целення мала асталась. Первамайск. Цепер корова дае адну смолку. Ручаёўка.
СМОЛЬ ж. Смаліна. Трэба наколоць смолі, бо без ее трудна запаліць у печы. Пярэдзелка.
СМОРАД м. Смурод. Нарабіў смораду поўненечкі двор. Дзяражычы.
СМУЦЕН прым. Смутны. Салавей, соловушка, смуцен, не весёл, головачку павесіў, зёрна не клюеш (З нар. песні). Карпаўка.
СМУЧАНЫ прым. Хворы. Корова ходзіць, не есць, нача смучаная. Дзяражычы.
СМЫК м. перан. Худы, галодны чалавек. Наеўся як бык, перагнуўся як смык, а голодны, як сабака. Дзяражычы.
СМЯКНУЦЬ зак. Сцяміць, падлічыць, падумаць. Да смекні, колькі мужчын німа: у мене два зеці паклалі, Сцепана убілі, а жонкі німа, діцятка скітаецца, забралі у прыют. Бывалькі.
СМЯРЦЕННЫ прым. Смяротны. Я смерценная плацця забрала і панесла туды. Дзяражычы.
СНАВАДЛА н. Прыстасаванне, пры дапамозе якога снуюць кросны. Снавадла — доска доўгая, дірачкі е, туды забіваюць калкі і прыбіваюць к сцене. Дзяражычы. Оцета і буде тое снавадла. Казярогі.
СНАВАКА ж. Жанчына, якая снуе кросны, снавальшчыца. Калісь я була добрай снавакай. Казярогі.
СНАВАХА ж. Снавальшчыца. Мар'я аснавала кросна. Ена хорошая снаваха. Карпаўка. І я умею снаваць, а луччаю снавахаю у нас Ганна Чавенкова була. Цясны.
75 👁