III. Грыбы ў беларускім фальклоры
Наша рэспубліка — край смалістых бароў, ельнікаў, раскошных дуброў і бярозавых гаёў, вельмі багатых на грыбы. Ва ўсе часы грыбы былі добрай падмогай у харчаванні насельніцтва, і да іх у нас спрадвеку склаліся асаблівыя адносіны. Яны адлюстраваліся шмат у якіх вершах многіх пісьменнікаў і паэтаў. Нагадваем, як вельмі цікава і трапна выказаўся пра грыбы класік беларускай і польскай літаратуры Адам Міцкевіч — шчыры аматар і добры знаўца роднае прыроды:
Грыбы ўрадзілі. Хлопцаў просяць пакланіцца
У песнях слаўныя, румяныя лісіцы —
Дзявоцтва сімвал, бо іх чэрві не з'ядаюць
І, дзіўна, насякомыя не абсядаюць.
Паненкі дык баравіка знайсці жадалі,
Якому песні ў нас палкоўніка чын далі.
А ўсе рыжка глядзяць, бо ён хоць і сціплейшы
І менш у песнях слаўны, але найсмачнейшы
Ці солены, ці свежы, у любую пору.
А Войскі дык збірае толькі мухаморы.
І іншыя грыбы, пакінутыя ў браку,
Па шкоднасці сваёй ці дзеля злога смаку,
Ужытак свой даюць: звярыне служаць ежай,
Гняздом кузуркам, гай малююць фарбай свежай.
На абрусе зялёных траў лясной паляны,
Нібы сталовае суддзё, парасстаўляны:
Сыраежак чырвона-жоўта-серабрыстых
Судзіначкі з віном, прыгожым і празрыстым,
Казляк, як быццам кубка дно, пукаты, клейкі,
Як смуклыя шампанскія кілішкі-лейкі,
А белякі далёка свецяць між паляны,
Як малако ў вялікіх кубках паліваных,
І, пылам шэрым поўная, сядзіць у цені,
Як перачніца, порхаўка. Другіх іменні
Мо ў зайчай або воўчай ведамыя мове,
Іх людзі не хрысцілі, бо гай імі повен.
Ніхто ні зайчых ані воўчых браць не рачыць,
А хто, нагнуўшыся, сваю памылку ўбачыць,
Бывае, зломіць грыб або нагой падкіне.
Не месца гэтакім слядам на зеляніне.
("Пан Тадэуш", з кнігі трэцяй.)
79 👁