паварыць. Падкалаціць юшку пшанічнай ці аржаной мукі і падкісліць яе бурачным расолам або хлебнай кісляй. Зноў крыху паварыць і адставіць у печы з гарачага на цёплае месца, каб настаялася (в. Груздава Пастаўскага р-на — Мацкевіч Ю. Ф.).
Грыбны квас*
Сушаныя буйныя «спелыя» грыбы добра перамыць, замачыць на некалькі гадзін, самыя вялікія разрэзаць на дзве — чатыры часткі, заліць кіпенем, дадаць шмат пакрышанай морквы і цыбулі, пасаліць, паставіць у печ. Па жаданні за 10—15 хвілін да гатоўнасці дадаць перац, лаўровы ліст, кроп. Есці вадкую страву з халоднай бульбай, адваранай у «мундзірах» (в. Вуглы Старадарожскага р-на — Амбражэвіч А. С., Барташэвіч Г. А.).
Квас грыбны
Намачыць сушаныя грыбы, набрынялыя парэзаць, дадаць 1—2 бульбіны, здробненую цыбулю, пасаліць, наліць вады і варыць да гатоўнасці (страва варылася на каляду).
(в. Сіманавічы Драгічынскага р-на — Клімчук Н. А.).
Квас з грыбамі і рыбай
Замачыць 5—7 грыбоў, перамыць, парэзаць. Наламаць сушанай рыбы, пакласці сала, дадаць прасяных ці іншых круп. Накрышыць пёркаў зялёнай цыбулі (разам з пукамі), пасаліць, наліць хлебнага квасу і паставіць варыць у печ. На стале заправіць смятанай. Кіслую страву-квас вараць штодня (в. Кароцічы Столінскага р-на; в. Пагост Жыткавіцкага р-на — Саскевіч М. А.).
Ташчымны** квас
Намачыць любыя сушаныя грыбы, набрынялыя прамыць, паставіць варыцца. Узяць ячных круп («на вока»), перамыць і ўсыпаць у вар. Дадаць парэзаную цыбулю, пасаліць. Варыць да гатоўнасці. Падсушыць пшанічную муку на патэльні перад полымем ці на агні. Перад канцом гатавання ўсыпаць падсмажанай мукі, адначасова памешваючы лыжкай (в. Краглі Дзятлаўскага р-на — Цішук Ф. М. і Цішук Г. М.).
* На Палессі і ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі квасам таксама называецца не толькі посная страва з грыбамі, але і скаромнае варыва, якое гатуецца з хлебным квасам, расолам, рыбай, мясам, сыроваткай (і часам сушанымі грыбамі). Запраўляецца смятанай і падаецца як першая страва. У гэтую страву, калі яна варыцца, крышыцца багата зялёнай цыбулі з пукамі.
** Ташчымны — г. зн. нішчымны, посны.
86 👁