ПУПЫШЫНА ж. Пупышка. Вясной яблыні прышчэпліваюць: бяруць прышчэпы ад добрых дрэў, адразаюць іх, як паявяцца пупышыны на іх. Рудня.
ПУРХАЛА агульн. Той, хто пурхаецца. Язвіна.
ПУРХАЦЦА незак. Выказваць незадавальненне, пратэставаць. І не пурхайся, нічога не даб'ешся. Язвіна.
ПУСТКА ж. Шкода, псута. Яшчэ і не ходзіць, а ўжо пусткі робіць, а як пойдзя, дык маці ці баба воч з яго не зводзьце... А абеззяны відзелі, як ён кроіў, і яны ўсё парэзалі. Але ж і ўляцела ім ад хазяіна за гэту пустку. Хожава.
ПУСТЫНЯ ж., перан. Пустое, недарэчнае. Што расказваць дарэмна пустыню? Хожава.
ПУЦІКІ мн. Ручайкі, струменьчыкі. Пуцікі цякуць. (Дзе запісана — непазначана).
ПУЦІНА ж. Прасёлак. Немцы не адступалі па вялікіх дарогах, а па пуцінах, рухаліся малымі дарогамі. Рудня.
ПЫЛЯНЯ н. Кураня. Вой-вой, дык не пасядзіш спакойна, бегаеш і бегаеш на вуліцу пылянят сачыць. Рудня.
ПЫПЛІЦЦА незак. Марудзіць, доўга збірацца. Што яна там пыпліцца, ісці пара! Язвіна.
ПЫТАЛЬ м. Млын, у якім пытлявалі. Раней на Ушы быў млын — пыталь. Там пытлявалі гарох, пшаніцу на добрую муку. Рудня.
ПЫТНУЦЬ зак. Ударыць, піхнуць. Як пытну, дык перакоцішся. Чашніцкі р-н.
ПЫШКІ мн. Гнілая, перамерзлая за зіму, бульба, шайморы. Немцы пазабіралі ўсё, скаціны няма ніякай, а есці ж трэба нешта. Збіралі гнілую бульбу, пышкамі яе звалі. Рудня.
78 👁