ЗЫКАВАЦЬ зак. Гізаваць, ратавацца ад гізоў. Во зыкуюць каровы, гэта уборацкія і нашы. Рудня.
ЗЭДЛЯ ж. Зэдаль. Палажылі яго на зэдлю і пачалі па голым целе біць. Ляшчынск.
ЗЭМСЦІЦЬ незак. Помсціць. Гады са два зэмсціла мне па злосці, што я ў яе кавалера адбіла. Волма.
ЗЮКАЦЬ незак. Гаварыць. Як сонца прігреіць, стырікі сыбяруцца, пысядуць на заваліну і зюкаюць. Мурожніца.
ЗЯКРАТЫ прым., груб. Чалавек з вялікімі вачыма. Гл. Бяльматы. Такі зяць зякраты ў Крыстыны, як вылупя вочы, дык як у жабы на вярху сядзяць. Краснае.
ЗЯЛЁНКА ж. Зялёная маса з кармавых культур. На пашу кароў ні ганяем, днём падкармліваем зялёнкай. Кукалеўка.
І
ІДБАБНЫ прым., уст. Шаўковы, ядвабны. Ніколі не буду купляць ідбабнай хусткі, на галаве не дзяржыцца. Рукі толькі не гуляюць, задно падвязвай, плыве з галавы. Краснае.
ІЛЬНУЦЦА незак. Гарнуцца, хіліцца. Усе людзі нашы ільнуліся к партызанам, камандзірам у нас быў старшыня сельсавета. Рудня.
ІМША ж. Памінкі. Тут у нас заўтра імша будзе. Сыны помнік па матцы ставілі. Хожава.
ІРХА ж. Ачышчаная ад воўны вузкая палоска з аўчыны, якая служыць пракладкай пры сшыванні аўчын. Натта гладка ўшыў ірху ў кажух. Ляшчынск.
77 👁