Старонка 30
◀ / 177 ▶
ВЫЦАЦКАВАНЫ прым. Спешчаны, гадаваны. Паехаў Бладзя на торг парасё купляць. Я яму й кажу, што не купляй жа такога выцацкаванага, самі будзем цацкаць. Краснае. ВЫЦЕПЛІЦЬ зак. Прапаліць. Выцеплілі лазню, ідзіце мыйцеся. Мацкі. ВЫЦМУГЛЫ прым. Высокі, тонкі ў поясе. Вася там тую нядзелю дамоў прыязджоў с хлапцамі. Абудва хлопчыкі такія выцмуглыя, глядзець люба. Краснае. ВЫЧУБІЦЬ зак. Убраць насенную канюшыну — паставіць «у кучкі» з пракосаў. А мы да абеда, мусі, з гактараў тры вычубілі. Хожава. ВЫЧУЦЬ зак. Падслухаць, пачуць. Вычула яна (Баба-Яга), як бабка клікала Івасіка. Зачарэўе. ВЫЧЫСЦІЦЬ безас., зак. Ванітаваць, нудзіць. А як вычысьціла яго, дык пачаў прасіцца: гэна, кажа, хлопцы, пусьціця мяне дамоў. Хожава. ВЫШТУКОЎВАЦЦА незак. Займацца выдумкамі, жартамі. Кінь, не выштукоўвайся, а то аж брыдка глядзець. Без штукаў і дня пражыць не можаш, што дзіця, сталасьці не маеш. Волма. ВЭЛЕН м. Вэлюм. Усе прыбіраюцца ў вэлены, як маладая. Раней вэлен доўгі быў, ажно па зямлі цягнуўся. Хожава. ВЭЛЬ ж. Вэлюм. Маладая вэль надзяе. Вэлі доўгія былі, куплёныя, а ў каторых не было, дык з марлі рабілі. Накрухмаляць, яна і стаіць. Рудня. ВЫЮДЗГАЦЦА зак. Упэцкацца. Паглядзіся ў люстэрка вунь, выюдзгалася ў сажу ўся, аж страх глянуць на чалавека. Волма. ВЯДРОНЫ прым. Багаты на ўраджай. Вядроныя рабіны — будзе вады па аглабіны. Маскалі.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
83 👁
◀ / 177 ▶