ВЫЛЕЎНЫ прым. Спорны, моцны, праліўны. На вуліцы такі дож вылеўны сцёбая, што сцёклы ў вокнах трымцяць. Волма.
ВЫЛІВАК м., перан. Здыхляк, кволы, як яйцо-вылівак. Не дзіця, а вылівак нейкі. Слабада.
ВЫМЕРАЖКАВАНЫ дзеепрым. Мярэжысты. Помню, пашылі мне паркалёвую сукенку з карманамі, троху вымеражкаванымі. Волма.
ВЫМЕРХАЦЦА зак. Выгаладацца. Вымярхаюцца, во ляцяць: «Давай, баба, есці». Там кашкі прасілі, дак зараз дам малачка. Рудня.
ВЫНКНУЦЦА зак. Сплаціць, аддаць доўг, выбрацца з доўгу. Я во цяпер вынкнулася, а ён два парсюкі здаў. Хожава.
ВЫПІТЫ дзеепрым. Тое, што і быў выпіўшы. Чалавек у стане нямоцнага ап'янення, не зусім п'яны. А ён прыйшоў выпіты, ну і сарваўся. Слабада.
ВЫПЯТРЫЦЬ зак., зневаж. Схуднець. Ятроўка яе, Кастуся, як замуж зашла, дык як пятрына, выпятрыла саўсім. І мужык добры, яна ў яго цёмгля ўхвалёна. Краснае.
ВЫСАЛАПІЦЬ зак. Высунуць язык. Куды гэта ляціш, язык высалапіўшы? Слабада.
ВЫТВАРАЦЬ незак. Свавольнічаць. А мы што хацелі тое і рабілі, вытваралі гэтак усякія штукі. Волма.
ВЫТУЗАЦЬ безас., зак. Званітаваць, вырваць. Уздыхнула нешта, а камар у рот ускочыў і сядзіць там. Я вады быстрэй. Вытузала мяне. Рудня.
ВЫХАВАЦЬ зак. Трымаць, даглядзець жывёлу, птушку. У вёсцы лепей і карову выхаваю. Хожава.
ВЫХАРТАВАЦЦА зак. Выбегацца і выгаладацца. Выхартаваліся, дык галодныя, як сабакі. Рудня
77 👁