ЦЫБУК м. Пук, стрэлка. Сёлетнім годам у мяне цыбулі саўсім німашака. Уся ў цыбукі пайшла. Трэба будзя да Веркі схадзіць, каб пазычыла пасадзіць. Краснае. ЦЫБУЛЬНІК м. Шалупінне цыбулі. На вялікдзень яйкі красілі ў цыбульніку, як не было цыбульніку, то краску красную куплялі. Ру дня. ЦЫНБАЛ м. Вельмі высокі чалавек. Што гэта за хлапец быў у Хадасіхі? Я ў Красным гэткіх не відзела. Такі цынбал, пэўня да столі дастаня. Краснае. ЦЫРУБАЛКА ж. Лядзяк. На лета ячмень трэба будзя сеіць. Добры ячмень будзя, такія цырубалкі каля страхі вісяць таўстыя. Краснае. ЦЬМА прысл. Вельмі многа. Раніцой пачаўся бой у Рудні. Немцаў было цьма. Рудня. ЦЭЛЬНЫ прым. Цэлы. Я сядзела каля яго ног цэльную ноч. Хожава. ЦЮНІ толькі ў мн. Склееныя з гумовай камеры галёшы, бахілы. Мой дык ня ўмеў цюні клеіць, але ад суседа наўчыўся i сам клеіў ужо. Азяў калясо ад машыны i гэткія добрыя склеіў, надта ж доўга не цяклі. Краснае. ЦЮПА абразл. Няспрытная ў рабоце жанчына. Цюпа гэна, што ca мной была, толькі каноплі драць ей. Дужая была i не гультайка, але ў хаце, што ні зробя, дык чорт ногі паломя. Да хатняй работы, як да пня. Краснае. ЦЮПАЦЬ незак. Крышыць не нажом. Слабида. ЦЮПКІ мн. Крышаны ў малако хлеб. Цюпкі скарэй старыкам даём i дзецям. Мурожніца. ЦЮХАЦЦА незак. Варушыцца. Памаленьку жыву. Дзеці прыедуць у вод пуск, бабка цюхайся. Рудня
Дадатковыя словы
цырўбалка
4 👁