фразеалагізм, і ён павінен тлумачыцца канструкцыяй прыслоўнага тыпу – 'у стане глыбокай задуменнасці, узрушанасці'. Кіруючыся рознымі аргументаванымі фактамі, мы дазволілі сабе скарэктаваць тлумачэнні фразеалагічных значэнняў, якія ў слоўніках адлюстраваны недакладна ці няправільна. ІЛЮСТРАЦЫЙНЫ МАТЭРЫЯЛ У ілюстрацыйнай частцы падаюцца сказы спрошчанай фанетычнай транскрыпцыяй, якая атрымала пашырэнне ў сучаснай беларускай дыялектаграфіі. Колькасць сказаў нерэгламентаваная, выкарыстана большасць занатаваных кантэкстаў, каб паказаць тыповае выкарыстанне фразеалагізма і яго лінгвагеаграфічнае пашырэнне. У сказах, узятых з лексікаграфічных крыніц мінулых гадоў, унесены асобныя арфаграфічныя і пунктуацыйныя карэктывы ў адпаведнасці з сучаснымі правіламі арфаграфіі і пунктуацыі. Пасля кожнага ілюстрацыйнага прыклада даецца яго пашпартызацыя – поўная назва населенага пункта і скарочаная назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнага раёна, у межах якога размешчаны населены пункт: Галава з дзічкі ў каго. Асудж. Хто-н. неразумны, дурны. Ні зьвязвайся ты зь ім, у яго ж галава зь дзічкі. Навасёлкі Гродз. Калі ілюстрацыйны сказ узяты з апублікаванай крыніцы, то яшчэ ў дужках прыводзіцца спасылка – скарочанае абазначэнне гэтай крыніцы і парадкавы нумар старонкі, на якой размешчаны сказ: Гагавіцу заткнуць каму. Груб. Прымусіць каго-н. замоўкнуць. Я табе гагавіцу зараз заткну, ні пісняш. Лаша Гродз. (СНМ, 33). Некаторыя назвы населеных пунктаў, дзе запісаны фразеалагічны матэрыял, не вызначаюцца стабільнасцю напісання не толькі ў лексікаграфічных крыніцах, але нават і ў афіцыйных дакументах. Каб пазбегнуць варыянтнасці, захаваць адзінства пры пашпартызацыі сказаў-ілюстрацый, айконімы Гродзеншчыны, іх арфаграфічнае напісанне даюцца паводле аўтарытэтнага на сённяшні дзень айканімічнага даведніка – «Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці» (Я. Н. Рапановіч. Мінск, 1982). АДСЫЛКІ Адна з асноўных задач пры складанні гэтага слоўніка – пабудаваць яго так, каб ён быў не толькі цікавым для чытання, але і зручным для карыстання даведнікам, у якім фразеалагізм можна адшукаць хутка. Гэтага магчыма дасягнуць, калі фразеалагізм ці яго варыянт падаецца і тлумачыцца толькі адзін раз, у адным вызначаным месцы. У такім выпадку няма неабходнасці выкарыстоўваць сістэму адсылак, якая значна абцяжарвае працу карыстальніка. І ўсё ж без адсылак абысціся не ўдалося. Яны выкарыстоўваюцца, калі фразеалагізм мае зменлівы парадак кампанентаў і зрэдку ў іншых выпадках: За нос вадзіць. Гл. вадзіць за нос. Задраць нос. Гл. задзіраць нос. ДАВЕДКАВАЯ ЧАСТКА СЛОЎНІКАВАГА АРТЫКУЛА У канцы асобных слоўнікавых артыкулаў за знакам ● змяшчаецца даведкавая частка, у якой могуць быць: а) кароткія этымалагічныя звесткі пра фразеалагізм; б) тлумачэнне запазычанага слова-кампанента, паказ яго напісання і значэння ў мове-крыніцы; в) тлумачэнне сэнсу ці спосабу ўтварэння дыялектнага, устарэлага, этымалагічна цьмянага, аказіянальнага слова, якое стала кампанентам фразеалагізма, напрыклад: КАЗЕ. У казе сядзець. Часцей іран. Заставацца ў школе пасля ўрокаў на дадатковыя заняткі па прычыне кепскай падрыхтаванасці. Ні хацеў вучыцца, у казе часта сядзеў, вот і застаўся на другі гот у першум класі. Моцевічы Лід. Вар. у казе (на казе) сядзець. ● Каза (устар.) – гарадская застава, куды садзілі пад каравул парушальнікаў парадку
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
21 👁