ПРАДМОВА
Праца над «Фразеалагічным слоўнікам гаворак Гродзеншчыны» пачалася ў 1980 годзе.
На першым часе ставілася мэта сабраць з жывога дыялектнага маўлення неўласцівыя
літаратурнай мове выразы і падаць іх у слоўніку дыферэнцыйнага тыпу. Такі слоўнік быў
створаны і апублікаваны ў 2000 годзе (гл. СДФГ). Далейшае збіранне матэрыялу ўсё больш
пераконвала, што дыферэнцыйны матэрыял адлюстроўвае толькі частку фразеалагічнага
складу. Ён, хоць і арыгінальны, свежы, але ўсё-такі штучна выхаплены з агульнага
дыялектнага фразеалагічнага фонду. Для навукі ў абласным слоўніку важна паказаць
фразеалагізмы ва ўсёй іх паўнаце, як цэласную сістэму. Па гэтай прычыне быў узяты
далейшы кірунак на стварэнне адносна поўнага фразеалагічнага слоўніка. У палявых умовах
занатоўваліся ўсе фразеалагізмы: і ўласна дыялектныя, і агульнанародныя, вядомыя
літаратурнай мове. У пошуках характару навуковага даведніка канчаткова акрэслілася мэта
скласці зводны слоўнік, які ўвабраў бы не толькі ўласныя палявыя запісы, але і
фразеалагізмы, апублікаваныя ў розных крыніцах іншымі аўтарамі. Але ўсё ж асновай,
пераважнай часткай слоўніка выступаюць фразеалагізмы, сабраныя непасрэдна намі з
жывога маўлення жыхароў шматлікіх рэгіёнаў Гродзеншчыны.
За сорак гадоў збіральніцкай працы давялося сустрэцца і пагутарыць з сотнямі
людзей рознага ўзросту. Найлепшыя вынікі давалі гутаркі з пажылымі і старэнькімі
інфармантамі – бабулямі і дзядулямі, якія з малаком маці ўвабралі родную гаворку і
пранеслі яе ў чыстым выглядзе на працягу ўсяго жыцця. Гэтыя людзі не толькі носьбіты
натуральнай народнай мовы, але і жывая гісторыя, сувязныя паміж мінулым і сучасным.
Яны добра памяталі і маглі многа апавядаць пра тое, як жылося ў розныя гістарычныя
перыяды: да Другой сусветнай вайны – «за польскім», непасрэдна перад вайной – «за
першымі саветамі», у часе вайны – «за немцам», пасля вайны – «за другімі саветамі».
Многія з іх ужо адышлі ў іншы свет, і Слоўнік з'яўляецца свайго роду помнікам гэтым
людзям, надпісы для якога пакінулі яны самі ў выглядзе фразеалагізмаў і выказванняў-
цытатаў на сваёй мясцовай гаворцы. Гэта помнік, які засведчыў беларускую
афарыстычную мову Гродзеншчыны другой паловы ХХ стагоддзя (сёння моўная сітуацыя
істотна змяняецца, стала іншай, чым нават у часе дваццацігадовай даўніны). Са Слоўніка
можна чэрпаць інфармацыю пра культуру, побыт, працу і адпачынак нашых нядаўніх
продкаў, якія сталі грунтам для развіцця новых пакаленняў у ХХІ стагоддзі.
Хочацца ўспомніць добрым словам асобаў-збіральнікаў, якія сталі для мяне ўзорам
дзейнасці, настаўнікамі ў вывучэнні беларускіх гаворак. Міхал Федароўскі – постаць
легендарная, магутная! Ён больш чым трыццаць гадоў свайго жыцця прысвяціў вывучэнню
быту, культуры, мовы Гродзеншчыны. Прыкладна сто гадоў таму, у другой палове ХІХ –
пачатку ХХ стагоддзя, ён сабраў велізарную калекцыю фразеалагізмаў, прыказак, розных
выслоўяў на абшарах Гродзенска-Беластоцкага рэгіёну, якая адлюстравана ў кнігах яго
шматтомнай працы «Люд беларускі». Таццяна Філіпаўна Сцяшковіч, вядомы даследчык
гаворак Гродзеншчыны, дапамагла мне адчуць прыгажосць беларускага дыялектнага слова.
Іван Якаўлевіч Лепешаў, Прафесар з вялікай літары, абудзіў успрыманне чароўнасці
навуковай справы. Прафесар Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, шчыры патрыёт і шанавальнік
беларускай мовы, адкрыў перада мной незвычайнае багацце народнай фразеалогіі. Я нізка
схіляю галаву перад гэтымі вялікімі філолагамі, без іх навуковага і духоўнага ўплыву наўрад
ці адбыўся б гэты слоўнік
Дадатковыя словы
зяўляецца
18 👁