З ФРАЗЕАЛОГІІ БРЭСТЧЫНЫ
АБЛЁЗЦІ, БЫ СЁМКОЎ СЁРЫ. Абняславіцца. Героем хадзіў. А прышлоса троха парабіць — аблез, бы Семкоў Серы. Макава Ганц.
АБЫ ДЭНЬ ДО ВЭЧОРА. Абыякава, не стараючыся (працаваць). Робылы абы дэнь до вэчора. Нямержа Драг.
АБЫ З РУК. Абы-як. Лужылы вуны сыно на вузы абы з рук. Ялач Драг. Ну і пошылы мні платте, абы з рук, навыть ны разу ны наложу. Крытышын Іван.
АНТОШЧЫНА (ПРАКОПАВА) РОБОТА. Пра дрэнна выкананую працу. Здалёк відно, шчо Антошчына у цебэ робота. Цна Лун. Пракопава работа і то лепш за гэту. Макава Ганц.
БЕЛЬМО НА ВОЦЦЫ. БЫЛЬМО НА ОЧАХ. Пра таго, хто замінае, перашкаджае. Ніякое пользы от цебе нема, торчыш тут, бы бельмо на воццы, і другім мешаеш. Альшаны Стол. Пуд боком моя старая, як быльмо на очах. Ахова Пін.
БОРУДУ ЗАДЫРАТЫ. Паміраць. Чы ны задумав ты боруду задыраты, шчо лыжыш і ны встаеш. Ялач Драг.
БРАТЫСЬ ЗАГРУДКІ. Біцца. Бувало, на вычорках хлопцы выйдуть на двыр і быруцця загрудкі. Бездзеж Драг.
БУСЬКО РЭПЫ (РЭПУ) НАСЕЕ (ПОСЕЕ). 1. Пра вельмі бруднага. По двору бегалі дзеці, а рукі ў іх булі — бусько рэпы насеяў. Бастынь Лун. 2. Пра чыстага. Ну ў цебэ і двоур! Бусько рэпу посее. Такая чыстота! Дзеці прыбралі, ці хто? Бастынь Лун.
БУТЫ ПУД КОНЕМ І НА КОНЮ. Многа зведаць у жыцці. Мій старый буў пуд конём і на коню. Ахова Пін.
БЫ В ДУРНОГО НА ХАТЫ. Пра беспарадак. Прыбыры в комнаты, а то бы в дурного на хаты. Крамно Драг.
77 👁