КРЫСТАВІНА ж. Жалезная пласцінка ва ўпадзіне верхняга каменя жорнаў, якая надзяецца на шпянёк ніжняга каменя. У верхнім камяні ё крыставіна. Крыставіна ў жорнах надзяецца на стойку, якая знаходзіцца па сярэдзіні ў ніжнім камяні. Барыскі Лаг.
КРЫСТАВІНА ж. Крыж, задняя частка тулава ў каня. У каня шырокая крыставіна, што ні палажы, будзя ляжаць. Барыскі Лаг.
КРЫХАВІННЕ н. зборн. Жабурынне. З жабінага крыхавіння выходзюць палойнікі. Якубова Рас.
КРЫЦІК м. Верхні сноп, якім пакрываюць бабку. Стаўці снапы ў бапкі камлём уніс, а макаўкамі ўверх і ныкрывайці крыцікамі. Зрабі са сныпа крыцік і накрый бапку. Палажы авёс у круглік і накрый крыцікам. Якубова Рас.
КРЫШАНЫ мн. Суп з бульбы. Вэтэ налетэ собэ ополоныком крышаноў у мыску. Горск Бяроз.
КРЫШКА ж. Тое, што і крыцік. Ныкрываім бапку крышкай, макаўкам уніс, камлём уверх. Вароніна Рас. Стаў жыта ў бапкі і накрый крышкай. Ваўкавічы Тал.
КРЫШКІ мн. Крошкі. Пабяры крышкі і з'еш. Навасёлкі Свісл.
КРЫШЫВА н. Скрыня, у якой сякуць ахрап'е. Крышыва пылымалася, німа дзе храпы пасячы. Якубова Рас.
КРЭЖ м. Крывое дрэва, у якім сарцавіна не ў цэнтры. Крэж — крутэе дэрэво, і крута дэрэвіна і крыва дэрэвіна. Бастынь Лун. От хвоіна крэжовата, нэ ровна, бо, бач, стоіт хвоёва дэрэвіна, а у вэрховы крэж. Колы рэжэш дэрэвіну крывую, то крэж жжымае пілу. Горск Бяроз.
КРЭКАЦЬ ж. Дрыгва. У балоці такая крэкаць, што ні вылясці. Трэба сено выносіць, а ў балоці крэкаць, і ног не выцягнуць з крэкаці. Навасёлкі Свісл.
КРЭПЕЛЬ (крэпэль) м. Вадасцёк. Надо поставіць вэдро пуд крэпэль. Бастынь Лун.
КРЭПКА (крэпко) прысл. Вельмі, надта. Жур крэпко рэденькій. Бастынь Лун.
КРЭПКІ прым. 1. Здаровы. Ён ішчэ крэпкі дзяцька, як дуп. Ністанішкі Смарг. 2. Чэрствы. От які крэпкі хлеп, а нядзеля, як пікла. Якубова Рас.
КРЭСЛА н. Частка прасніцы, на якой сядзяць. Не шырокае крэсла ў прасніцы, кепска сядзець. Альхоўка Навагр.
КРЭСЛА н. Увесь кузаў калёсны, які ставіцца на панарад. На пранік кладзецца крэсла, а ў крэсла ўбіваюцца ручкі і дронг для злучэння задніх калёс. Ністанішкі Смарг.
КРЭСЛА н. Цвікля. Замалое ўставіла крэсла ў штаны, і штаны вузкія. Жахавічы Маз. Вузкое крэсло ў штанах. Бобрыкі Петр. Ушыла у наговіцы крэсло, коб шырэй булі. Бастынь Лун.
КРЭСЛА (крэсло) н. Прарэх (у штанах). Зашпілі крэсло, а то разявілосё, стыдно. Міратычы Кар. Зашпулі крэсло ў штанах, а то ходзіш, як дурны. Тульгавічы Хойн.
КРЭСТ м. Збітыя жэрдкі для прыціскання стога. Кап вецяр не разнасіў сена, на стох кладуць крэст, збіты з жардзей. Барыскі Лаг.
КУБЕЛ м. Кубел. Насыпалі кубёл жыта. Бастынь Лун.
КУБЛО н. Тое, што і кубёл. От зробыв кубло, коб була прыкытка шчо-нэбудь робыты. Горск Бяроз.
85 👁