ГРАНЬ ж. Мяжа. Онінская канава — гэто грань помыж Азарычамі і Валішчамі. Азарычы Пін.
ГРАСАВАЦЬ незак. Матычыць. Вазьмі капачку і ідзі грасаваць картофлі. Шкураты Браг.
ГРАЦКОЎЕ н. Поле, дзе расла грэчка. Ганіце кароў на грацкоўе і пасіце. Заазер'е Віл.
ГРАЦЬ (граті) незак. Красаваць. Ой, як жа жыто красіво грае. Жыто ужэ пачало граті. Бастынь Лун.
ГРАЧЫНІШЧА н. Тое, што і грацкоўе. Гані авечак на грачынішча, там грэчку звязьлі. Ністанішкі Смарг.
ГРОЗНЫ мн. Карчы цыбулі. Якая добрая цыбуля, гразніцца вельмі добра і вельмі бальшыя грозны. Ваўкавічы Тал.
ГРУБЫ прым. Тоўсты. Грубая дэрэвіна, секерой не зрубім. Бастынь Лун.
ГРУДЗЕНЬ м. Снежань. Грудзень — астатні месяц у року. Паляцкішкі Вор.
ГРУДОК м. Маленькі кавалачак. Узела грудок цукру да горбаты. Бастынь Лун.
ГРУЗАЧКІ мн. Злямчаныя кусочкі воўны. Плахая воўна, многа грузачак у ёй. Грузачкі няможна ўпрадаць у нітку, бо будзе нітка няроўная. Жукі Кар.
ГРУНТ м. Мера зямлі. Грунт меў 12 дзесянцін зямлі. Міратычы Кар.
ГРУЦА ж. Ячны крупнік. А ці варыла ты груцу з бобам? Ваўкавічы Тал.
ГРЫБАТЫ прым. З бальшымі, тоўстымі губамі. Які ў яе сын нікрасівы і дужа грыбаты, грыбы тоўстыя. Касталомава В.-Дзв.
ГРЫБЫ мн. Прыстасаванне для лучыны. У светашы былі грыбы. Ты ш там уткні лучынку ў грыбы светаша, кап ня вываліласа лучыніна. Ваўкавічы Тал.
ГРЫВА ж. Пучок, палоска травы, не захвачаная пры касьбе касою. Як ты косіў, што грыва стоіть. Бастынь Лун. Грыва ў покосовы стоіт бы ў коня, от косэц покосыў сэно. Горск Бяроз. Косіш, а за сабой якую грыву астаўляеш. Шкураты Браг. Бяры пракос вузей, а то многа грыў астаўляіш. Моханава В.-Дзв.
ГРЫВЕНЬКА ж. Кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да кассяя. Грывенька замацоўвае касу да кас'я. Купіў грывеньку да касы, а то не было чым прыкрапіць касу да кас'я. Вострава Маст.
ГРЫВІЦЬ незак. Пакідаць няскошаную траву пры касьбе. Ну, і грывіш ты, брат. Паглядзі, сколькі ты пакінуў грыў за сабой. Моханава В.-Дзв.
ГРЫВО н. Стык двухсхільнай страхі. Самы верх закрывіны на страсе завецца грыво. Навасёлкі Свісл.
ГРЫЖА ж. Бручка. У міне ў гэтым годзе добрая грыжа зарадзіла. Касталомава В.-Дзв.
ГРЫКА ж. Грэчка. Грыка добрая ўрадзіла, будуць крупы. Навасёлкі Свісл. Грэцкія крупы. Мы зовом грыка. Гэто — крупы. Бастынь Лун.
ГРЫНДЖАЛЫ мн. Вялікія сані для перавозкі доўгага бярвення. Грынджалы робяць так: два вялікіх палазы, а ў палазы забіваюць чатыры капулы. Дліна грынджалаў пяць-шэсць метраў. Шкураты Браг.
ГРЫЦУК м. Слонка. Пташка грыцук грэчку довбэ. Бастынь Лун.
87 👁