ГАРТАЙ м. Араты. Гартай паехаў гараць поле. Паляцкішкі Вор.
ГАРУН м. Губа. Гарун палажыў на крэмень і агнівом высік агонь. Сяляўшчына Рас.
ГАРЧАК (горчак) м. Драсён. Много росте горчака по канаві. Бастынь Лун.
ГАРШЧ ж. Жменя. Узяла адну гаршч лёну. Палажыла 50 гаршчай і звязала вяску лёну. Паляцкішкі Вор.
ГАРШЧАЙ (горшчай) м. Ганчар. Горшчай робіть горшкі ў горшчэчні. Бастынь Лун.
ГАРШЧЭЧНІК (горшчэчнік) м. Тое, што і гаршчай. Му зовом чэловека горшчэчніком, колы ён робіть варэйкі. Бастынь Лун.
ГАРШЧЭЧНІК м. Вілкі. Паламалосё дзяржаннё ў гаршчэчніку. Міратычы Кар.
ГАРШЧЭЧНЯ (горшчэчня) ж. Ганчарня. Горшчай робіть горшкі і варэйкі ў горшчэчні. Бастынь Лун.
ГАРЭЛКА (горэлка) ж. Бульба з прыгаркамі. Горэлкі пуздымай і тоўчы кортоплю на кашу. Бобрыкі Петр. Я ўзяла толькі одну горэлку. Тульгавічы Хойн.
ГАСПАДАР м. Першы нажаты ў час зажынак сноп. Пашлі жыта першы дзень жаць, выжалі гаспадара, перавязалі лентачкай і прыняслі дамоў і паставілі на кут гаспадара. Заазер'е Віл.
ГАСТРЭЙ (гострэй) м. Вастрыё. Затупіўса гострэй у ножовы, трэбо погострыты. Трэбо побыты гострэй у косэ. Горск Бяроз.
ГАЧАК м. Повад. Гачак зачапліваюць за вандзідла. Вострава Маст.
ГАЧКА ж. Матыка. Паламаласа гачка, німа чым картоплю аглядаць. Навасёлкі Свісл. Дай мне сваей гачкі, пайду бульбу асыпаць. Старае Сяло Зэльв.
ГВАЗДАНУЦЬ зак. Моцна ўдарыць. Вот я яму гваздануў, што будзіць знаць, як у чужы сат хадзіць. Моханава В.-Дзв.
ГЕГАЦЬ незак. Гагатаць. Оля, гусі гегаюць, хочуць есці. Навасёлкі Свісл.
ГЕЛЬЗАННЕ (гельзане) н. Закілзванне. Бес гельзаня і не думай ехаць на гэтым кані. Навасёлкі Свісл.
ГЕЛЬЗАЦЬ незак. Кілзаць. Каня трэба гельзаць, бо ён дужа шалёны з гары. Навасёлкі Свісл.
ГЕРГАТАЦЬ незак. Гагатаць. Гусі гяргочуць, есці хочуць. Ністанішкі Смарг.
ГІБА (гыба) ж. Мера асновы, палатна даўжынёй на хатнюю сцяну. Наснавала дэсэт гыб і сплэла ў плэтню. Горск Бяроз.
ГІЛЕМ прысл. Чарадой, гуртам. Гілем птушкі ліцяць. Гілем рыба плывець. Пашлі бабы гілем на сенакос, пашлі бабы кучам. Сяляўшчына Рас.
ГІЛЬ м. Авадзень. Гіль як укусіць карову, дак яна месца не знаходзіць сабе. Паляцкішкі Вор. Пагнаў кароў у сасоннік, а там так много гілёў. Гіль як укусіць корову, дак яна як загізуіць, што ня можна ўдзяржаць. Ністанішкі Смарг.
ГІЛЯ ж. Мера палатна ўдаўжыню. Основала ляніцы пять гіль на нагавіцы. Азарычы Пін.
ГІЛЯ-ГІЛЯ-ГІЛЯ выкл. Ужываецца, калі адганяюць гусей. Моханава В.-Дзв.
ГІРКА (гырка) ж. Ніжняя шырокая частка збанка. У гладышу адбілася вена, а асталася адна гірка. Шкураты Браг.
98 👁