ПРЫТЫК м. Месца сточвання ніткі ў працэссе прадзення. Прытык ссуніцца, і будзіць пупёл на ніццы. Паменшы дзелай прытыкаў, будзіць меншы пуплоў на ніццы. Ваўкавічы Тал.
ПРЫХА ж. Храпа ў каня. Бэры коня за прыху і дэржы, о то вэн укусіт. Азарычы Пін.
ПРЫЦЯГВІЦА ж. Тоўстая вяроўка ў перадку воза, якая закладваецца на канец жэрдкі, калі ўціскаюць снапы, сена на возе. Добра ўцісьні вос прыцягвіцай, кап не растрасалася сена. Ністанішкі Смарг.
ПРЫЧАПУРЫЦЦА зак. Прыбрацца. Уго, наша Аўдолька так прычапурылася, што ні пызнаць. Моханава В.-Дзв.
ПРЫШВА ж. Пярэдні навой. На прышву навіваюць палатно ў кроснах. Сяляўшчына Рас.
ПРЫШТОПІЦЬ зак. Прыфастрыгаваць. Раней нада прыштопіць сукенку, а тады шыць. Ваўкавічы Тал.
ПРЭГЧЫ незак. Скварыць. Нарэзала сала і буду прэгчы. Ваўкавічы Тал.
ПРЭЎШАНЬ (прэвшэнь) м. Вушак. Вырэзав на двэра прэвшні. Прэвшэнь зробыв дубовы. У дзвэрах проставів прэвшні і звэрху положыв головню. Азарычы Пін.
ПСІК выкл. Ужываецца, калі адганяюць ката. Сімакава Кар., Моханава В.-Дзв.
ПУГА ж. Журавель (у калодзежы). Стаіт стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ, а на ключы вісыт вэдро. Горск Бяроз.
ПУДЭРШНІК (пудэршнык) м. Падгерац. Шворыня дэржыт пудэршнык. Горск Бяроз.
ПУЖАВЕНА н. Пугаўё. Зламалася пужавена ў пузя. Ністанішкі Смарг.
ПУЖАЛНА (пужално) н. Тое, што і пужавена. Добрэ пужално зробыв. Горск Бяроз. Зробів пужално і прывязав канджук. Бастынь Лун.
ПУЖАЎНО н. Тое, што і пужавена. Пужаўно крэпкая с ялаўца. Ністанішкі Смарг.
ПУЗАЧКА н. Кончык пальца. Адрэзала ногаць, аш пузачка баліць, бо за жывое задзела. Моханава В.-Дзв.
ПУЗЕЙ м. Пузан. Вон пузей, у его вэлька пуза. Горск Бяроз.
ПУЗЫРОК м. Ніжняя шырокая частка збанка. Колы у збанку одбылыс вэнцы, то оставса пузырок. Дай пузырка, наліемо молока. Горск Бяроз.
ПУК м. Кветаноснае сцябло (цыбулі, шчаўя і да т. п.). Пашла цыбуля ў пукі. Барыскі Лаг. У гэтым гаду мыя цыбуля пышла ў пукі. Моханава В.-Дзв. Уся цыбуля пашла ў пукі, спасу німа. Мнюхі Міёр. Ужо шчавіль стары, увесь пашоў у пукі. Моханава В.-Дзв.
ПУКЕР м. Мазоль. Купыв тэсные чоботы і намулів пукера. Азарычы Пін.
ПУКЛІ мн. Адходы пры прадзенні воўны. Дрэнна пычысала воўну, адны пуклі. Булыніна Рас. Ого, колькі ты пыныкідала пукляў з воўны. Плоха пычысалі. Асёткі Рас. Як ты пычысала воўну, адны пуклі. Парэчча Рас. Пуклі нада выкідаць, а калі іх упрыдаць, то нітка будзіць няроўная. Замошша Рас.
ПУЛЬ-ПУЛЬ-ПУЛЬ выкл. Ужываецца, калі падзываюць куранят. Жахавічы Маз., Ністанішкі Смарг., Паляцкішкі Вор., Моханава В.-Дзв., Мнюхі Міёр.
72 👁