ЗАБОЙЧЫ прым. Рэзкі, бязлітасны. [Паручнік:] Ваюем мы, Мы праліваем кроў, Дзяўчаты ж з ворагам Іграюць у любоў! [Крочак:] Забойчы ваш манолаг, Ды выказан наспех. На шляхах волі.
Забойчій прым. 'жахлівы, страшэнны, здольны на паражэнне' (Насовіч).
ЗАБРАШЧАЦЬ зак. Пачаць часта бразгатаць. Барабан забіў трывогу, Бубен дробна забрашчаў, Ім басэтля на падмогу, Смык заядла запішчаў. Ігрышча.
ЗАБРЫКАЦЬ зак. Замучыць каго-н. [Дарвідошка да Букрэя:] Ты — маладзіца? А божа ж мой (рагоча). Ды такая маладзіца забрыкае майго кавалера, каб яго халера! У пушчах Палесся.
ЗАБРЫМЕЦЬ зак. Пачаць ірдзець, зіхацець, пералівацца. Была раніца, і на небе ледзь Зараніцы вясёлка займалася, І на Свіслачы забрымела медзь — Чырвань неба у ёй умывалася. Дуб.
ЗАБЯСПЕКА ж. Бяспека. Ён [Дзяжа] выбраў пункт сабе прыўдалы Для забяспекі, спасцярог. На шляхах волі. 2. Сукупнасць мер, прынятых для бяспекі; перасцярога. [Грэнка:] — Таварышы-калегі! Меры забяспекі намі прыняты. У нас варта прызначана. Забастоўшчыкі.
ЗАВАДЗІЦЦА незак. З'яўляцца; заводзіцца. Гумно паўнела з кожным годам, І багацеў хлявец прыплодам, І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца. Новая зямля.
Завадзіцца незак. 'з'яўляцца, размнажацца' (Гродз., Чэрв. СПЗБ).
ЗАВАДЫЯКА м. Той, хто пачынае, арганізуе што-н.; зачыншчык. [Шышла:] Скажыце, айцец Кандраці, хто завадыякамі быў у разграбленні маёнтка г. Будана-Рыльскага... і наогул. Вайна вайне.
Завадыяка, завадыяш, завадэвуш м. 'задзіра' (Гродз. Цыхун); звадыяш м. 'чалавек, які зводзіць людзей, каб пасварыліся' (Лях. МСНДМ, с. 124); завадка ж. 'сварка' (Іўеў., Чэрв., Шчуч. СПЗБ); завадыяцкі прым. 'гарэзлівы' (Шчуч. Сцяшковіч, 1983). Параўн. польск. zawadiaka 'забіяка, задзіра'.
81 👁