ЦАПКІ прым. Хваткі, учэпісты. [Савось:] А якія лапкі! Ды як яны цапкі! Ах ты, мой каточак, Чорненькі насочак! Савось-распуснік. ..у прыбудоўцы-сенцах гаспадарыць адзін толькі неспакойны вецер,.. пакалыхваючы дзікі вінаград, што моцна ўчапіўся за тонкія дошкі, за кроквы, пераплёўшы іх сваімі цапкімі вусікамі-вывітушкамі. Хатка над балотцам.
Цапкі прым. 'учэпісты' (Карэл. Сцяшковіч, 1983); цапкаць незак. 'хватаць, цапаць' (Мсцісл. Юрчанка, 1988).
ЦАПСТРЫКІ мн. Дробныя рэчы хатняга ўжытку. Яшчэ б гадочак пажыць ціха, Але найгоршае тут ліха — Збірай зноў цапстрыкі, трасіся Па каранях з дабром, з сям'ёю.. Новая зямля.
Цапстрыкі мн. 'дробныя рэчы' (Навагр. Сцяшковіч, 1983).
ЦВЕК м. Цвік. Падышоў Апанас пад адзін крыж і стаў убіваць цвек. Заклад.
Цвек м. 'цвік' (Астр., Брасл., Валож., Віл., Воран., Навагр. СПЗБ; Лаг. МСММГ, 1970). Параўн. польск. ćwiek 'цвік з шырокай галоўкай'.
ЦЕМАКОМ прысл. Цёмнай парой, цёмначы. Недарма ж ён [Дамянік] сярод поля Выкрадаўся цемаком; Погляд дзікі так і коле, Так і рэжа, як нажом. Сымон-музыка.
Цемачком прысл. 'прыцемкам' (Карэл. Сцяшковіч, 1972).
ЦЕМРАНІСТЫ прым. Які мае адносіны да цемры; цёмны. У небе зорачка нясмела Над гэтым лесам цемраністым Зірнула вокам прамяністым. Новая зямля.
Цемрыво н. 'цемната, цемра' (ТС).
ЦЕМРАШАЛЫ прым. Які мае адносіны да цемрашала; цемрашальскі. Няхай вар'яцее Гітлер цемрашалы І яго хаўрус.. У майскія дні.
ЦЕНАРОВЫ прым. Пра голас высокага тэмбру (пры выражэнні якога-н. пачуцця). — Язэп, ўставай! — крычыць ён сыну: — Ўставай у гэтую ж хвіліну! — Бярэ дзед ноты ценаровы, Нібыта злосны яго бровы. Новая зямля.
ЦЕНЖЭР ж. Цяжар. [Чараціна да дуба:] На тваёй галаве бусел звіў агромнае гняздо, а ты нават не чуеш гэтае ценжэры. Дуб і чароціна.
Ценжар м. 'цяжар, груз' (Гродз., Дзятл., Маст. СПЗБ; Маст. Сцяшковіч, 1972; Гродз. Цыхун). Параўн. польск. ciężar 'цяжар, вага'.
78 👁