ТЫНЬ ж. Тын. А за ім, За сынам праведным сваім, І ты пайшла. У той хаціне Чужой пакінула яго, Святога Ёсіфа свайго. Пайшла ў вандроўку па-пад тынню, Аж покі-покі не дайшла аж да Галгофы. Марыя.
Тын м. 'агароджа з колікаў' (Лоеў. Янкова); 'тын' (Воран. Сцяшковіч, 1972); 'агароджа з дошак, прыбітых да жэрдак стаймя' (Мсцісл. Бялькевіч); тыніць незак. 'абстаўляць драўлянымі плахамі пограб, сажалку' (Мсцісл. Юрчанка, 1966).
ТЫРЧАКОМ прысл. Тарчма. Валасы ў яго [Тукалы] былі жорсткія, стаялі тырчаком. На ростанях.
Тырчком, тырчма, тыршма прысл. 'тарчма' (Ашм., Лід., Свісл. Сцяшковіч, 1983).
ТЫСЯЧАЛІСНІК м. Крываўнік. Я пачаў піць крываўнік-падбел (тысячаліснік). З пісьма.
Тысенчнік м. 'крываўнік' (Лях. СПЗБ); тысёнчнік м. 'цвінтарэй' (Свісл. Шаталава). Параўн. польск. tysiącznik 'лекавая расліна з сямейства гарычкавых'.
ТЫФУС м. Тыф. [Бабка Магда:] — А мо, ці здаровы ён [Андруковіч]? Гэтакі тыфус па людзях ходзіць! Туды, на Нёман!
Параўн. польск. tyfus 'тыф'.
ТЫЧЫНА ж. Доўгая, тонкая палка, шост. Выразаў ён [чорт] даўжэразную тычыну, пачапіў на яе чаравікі і аддаў іх бабе. Чорт і баба. Як толькі на небе замігала першая зорка, выйшаў Сенька Бацюта з пуком саломы на доўгай тычыне пад вятрак.. Ванька Кудлаты.
Тычына ж. 'доўгі шост, жэрдка' (Іўеў., Пух. СПЗБ); тычка ж. 'доўгая палка, якой падпіраюць расліны, што віюцца' (Чэрв. Шатэрнік); 'шост, абчасаная жэрдка' (Лід., Пін. СПЗБ); 'тычка, вяха, указальнік фарватэра', 'падпора для фасолі-вітушкі' (Лоеў. Янкова); тычкі мн. 'тонкія кіёчкі, падпоры' (Навагр. Сцяшковіч, 1972); 'завостраная палка, якою праводзяць баразёнку, як саджаюць гуркі'; 'тычка, знак' (Краснап., Чэрык. Бялькевіч). Параўн. польск. tyczka 'доўгая, тонкая дзеравяная палка; жэрдка'.
77 👁