СТРЫЖЭНЬ м. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі з самым хуткім цячэннем. У стрыжаню воўк шалпатаўся!.. Стрыжэнь глыбокі, лёд пакаты, А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі.. Новая зямля.
Стрыжань м. 'незамерзлае месца на сярэдзіне ракі' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); стрыжынь м. 'сярэдзіна ракі з больш хуткаю плынню' (Краснап. Бялькевіч); 'моцны струмень у цячэнні ракі' (ТС); стрижень м. 'хуткі струмень у рацэ' (Насовіч).
СТРЫНГАЛЬ м. Высокі, падгалісты чалавек. [Андрэй:] Гаварыў жа адзін стрынгаль, што сорак гадоў таму назад мужыкі елі мякіну. Андрэй-выбаршчык.
Стрынгель м. 'худы, тонкі, высокі чалавек' (Клецк. Нар. лекс., с. 205; Капыл. Нар. словатв., с. 59); стрынгель м. экспр. 'вельмі высокі чалавек' (Шчуч. СПЗБ); стрынгалет, стрынгель м. 'хударлявы, празмерна высокі хлопец' (Гродз. Цыхун); стрынглявы прым. 'тонкі, зграбны' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); стрынгаляваты прым. 'падгалісты, танканогі' (Стаўб. Жыв. сл., с. 111).
СТРЭЛКА ж. Дзіцячая цацка ў выглядзе стралы. І дзядзька майстар быў на штукі, І быў механік на ўсе рукі: І дудку скруціць вам, і стрэлку, І нарысуе, нават, елку.. Новая зямля.
СТУСІНАВЫ прым. Зроблены з тонкага, гнуткага прута. У руках пуга са стусінавым доўгім пужальнам і з чырвоным кутасом. Царскія грошы.
Стусінка ж. 'чаранок, палачка' (Гродз. Сцяшковіч, 1983); стусіна ж. 'доўгі, тонкі, гнуткі прут' (Сен. Каспяровіч).
СТХАРЫЦЦА зак. Прытаіцца. Кастусь у запечку стхарыўся, Абуцца ў лапці прымудрыўся, А ў лапцях вушкі скураныя Былі ўжо досыць пажылыя.. Новая зямля.
Стхарыцца зак. 'прытаіцца' (Карэл. Сцяшковіч, 1972).
СТЫЧКА ж. Сутычка, спрэчка. Часамі тут былі і стычкі, Калі спеў новы зачыналі Ды ў тон агульны не траплялі. Новая зямля.
Стычка ж. 'сварка, разлад' (Насовіч).
92 👁