СПОР м., СПОРКА ж. Спрэчка, сварка. Няма сэрца ў долі, Праўды ў людзей; Пахаваўся бы ў полі, Здаецца, скарэй, Каб не бачыць гора Цяжкага людскога, Каб не чуць і спора Горкага ліхога. Мужычая доля. Зацягнулася далёка Гэта іх гаворка, І як розум ні павернеш, Ўсюды выйдзе спорка.. Сялянская рада.
Спорка ж. 'сварка, лаянка' (Лоеў. Янкова); 'спрэчка' (ТС; Насовіч). Параўн. руск. спор 'спрэчка, сварка, выкліканая нязгодай у чым-н.'
СПРОДАЦЬ зак. Прадаць. [Міхал:] Даведаліся ад людзей, Што пан Хадыка, дабрадзей, Сваю пасаду спродаць мае. Новая зямля.
Спродаць зак. 'прадаць' (ТС). Параўн. польск. sprzedać 'прадаць'; укр. спродати 'прадаць усё'.
СПРОНЖКА ж. Спражка. На ім [Міхале] кучомка, верх зялёны, Кажух кароценькі, чырвоны, А стан шырокая папруга Сціскае спрытна, лоўка, туга; На меднай спронжцы лось красуе І з жоўтай бляхаю фасуе. Новая зямля.
Спронжка ж. 'спражка' (Гродз. Цыхун; Пух. МСММГ, 1970; Астр., Віл., Лаг., Лях., Смарг., Уздз., Чэрв. СПЗБ; Дзятл., Слон. Сцяшковіч, 1972); спрончыка ж. 'спражка' (Слуц. Жыв. сл., с. 65). Параўн. польск. sprzączka 'спражка, засцежка'.
СПЯВАНКА ж. Песня. Ідуць [дзяўчаты], пракосы разбіваюць, З лагчынак сена выграбаюць, То там, то сям у чэсць пятровак З грудзей тых макавых галовак, Дзяўчатак слаўных, яснавокіх, Ў лугах прасторных і шырокіх Плывуць-дрыжаць спяванак тоны.. Новая зямля.
Параўн. укр. співанка 'песня'.
СТАЖАРЫ мн. Народная назва групы з блізка размешчаных зорак у сузор'і Цяльца. Так утворан гэты свет: Грэе сонца, ходзяць хмары, Носяць снег і дождж і гром, Ночкай вынікнуць стажары.. Сымон-музыка. З цёмнай высібагны Ўжо глядзяць Стажары, Пояс дыямэнтны Ткуць нябёс абшары. Вясновая ноч.
Стажары мн. 'назва сузор'я Вялікай Мядзведзіцы' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); стажар'е н. 'сузор'е Вялікай Мядзведзіцы' (Гродз. Сцяшковіч, 1983).
113 👁