АКАНЧАЛЬНА прысл. Канчаткова. Давай, брат, думаць хоць сягоння Ці так ці сяк, каб даць параду І к аднаму ўжо прыйсці ладу Раз назаўсёды, аканчальна. Новая зямля.
Параўн. руск. окончательно 'канчаткова, беспаваротна'.
АЛЬТАНКА ж. Невялікая пабудова з дошак, прыгодная для жылля. Дзедава альтанка Зроблена з аполкаў, Чыста ў ёй і светла; Печ, як маці, ветла. Сымон-музыка.
Альтанка ж. 'альтанка; мезанін' (Каспяровіч-БРС).
АНТАЛЯЖЫКІ мн. Карункі. І якіх убораў толькі На паненках ні было! Анталяжыкі ў дзве ролькі... Сымон-музыка.
Анталяжы мн. 'карункі' (Навагр. Сцяшковіч, 1972); анталяжы, антыляжы мн. 'карункі' (Валож. МСММГ, 1970; Валож., Чэрв. СЦБ, 1970); антылярыкі мн. 'брыжы, карункі (на адзенні)' (Гродз. Цыхун); антуляжы мн. 'карункі' (Зэльв. Сцяцко). Параўн. франц. entoilage 'палатняная падшыўка'.
АПАЧЫНА ж. Прыстасаванне для кіравання плытом. А Лукашу ў гэты момант снілася, што яго плыт крута заламала ў бераг. «Дам казла! Дам казла!» — думае ў сне Лукаш і кідае апачыну, хапаецца за прыс. Адгукнуўся.
Апачына ж. 'рулявое вясло на плыце' (Іўеў. СПЗБ); 'прыстасаванне для кіравання плытом' (Навагр. Сцяшковіч, 1972; Гродз. Цыхун); 'кармавое вясло' (Лоеў. Янкова).
АРАБОК м. Рабчык. Свішча тонка арабок, Там варкуе галубок. Міхасёвы прыгоды.
АСАВІК м. Падасінавік. Па дарозе нашым хлопцам пападаліся ўсякія грыбы: казлякі, асавікі, лісіцы, сыраежкі і другія. У грыбах.
Асавік м. 'падасінавік' (Уздз. МСММГ, 1974; Гродз. Цыхун; Уздз. СЦБ); асовік м. 'падасінавік' (Шчуч. З нар. сл., с. 38; Старадарож. СПЗБ); асавяк м. 'падасінавік' (Карэл. Нар. лекс., с. 156); асавік, асавяк м. 'падасінавік' (Карэл., Навагр. Сцяшковіч, 1972); асінавік м. 'падасінавік' (Лельч. Жыв. сл., с. 214).
АСЕСЦА зак. Перастаць пераязджаць з месца на месца, спыніцца на пастаянна, асесціся. Іх [мужыкоў] твары сур'ёзны, і важны іх міны, Ды вырвецца часам тут крык: — Ото, брат, раўніна! і вокам не скінеш, А глеба, глядзі, — як тварог! Што за зямелька, брат! Купіш — не згінеш, Асесца б тут госпад памог. Агляд зямлі.
87 👁