ПАДМОСТАК м., ПАДМОСТКА ж. Рыштаванне з дошак. Ён [Зыгмусь] зладзіў падмостак, узлез на яго, агледзеў столь. Падмостак быў нетрывалы, уперціся ў яго, каб плячамі ўзадраць дошку, было немагчыма. На ростанях. Падстаўка. Стораж няёмка памяўся, а потым прысеў на калодачку, на якую станавілася бабка Параска, каб залажыць юшкі. «Недаростку трэба падмостку», — гаварыла яна [Параска] у такіх выпадках. На ростанях.
Падмосці мн. 'часовае рыштаванне з дошак' (Смал. СЦБ).
ПАДНАВАЛЬНЫ прым. Моцны, вельмі вялікі, разбуральны. І жах прайшоў, як біч, па хатах Іржавым звонам ланцугоў. Мятнуўся віхар паднавальны І пыл узняў людскіх пакут. На шляхах волі.
ПАДНЕБ'Е н. Паднябессе. У бязмежным небе Роўненькім шнурочкам Жураўлі на вырай Мкнуцца над лясочкам. Меншыцца шнурочак, У паднеб'і тае, Вось ледзь-ледзь чарнее, Міг — і прападае. Адлёт жураўлёў.
ПАДНІЗ прысл. Ніжэй, к нізу. [Сцёпка:] Акуратненька, браткі, капайце, вось як тут пачалі: зверху шырока, а падніз вузей. На прасторах жыцця.
ПАДНІЗАМ прысл. Унізе. Мые Нёман ёй [вярбіне] карэнні, І дурэе вецер з ёю, А паднізам чарадою Ціснуць ногі ёй каменні. Вярбіна.
ПАДНЯВАЦЬ зак. Правесці дзе-н. дзень. Дзе ён [Барыс] паднюе, паначуе І ці здароў ён там, ці жыў... На шляхах волі.
ПАДНЯДЗЕЛІЦЦА зак. Прыбрацца па-святочнаму. Насця, што называецца, паднядзелілася, бровы падвяла, падпудрылася і ў завяршэнне ўсяго ўзлажыла капялюшык.. Адукацыя.
Паднядзеліцца зак. 'прыбрацца па-святочнаму' (Астр. СПЗБ; Карэл. Сцяшковіч, 1972), 'надаць сабе святочны выгляд, прыбрацца' (Верхнядзв. Шаталава).
ПАДНЯДЗЕЛІЦЬ зак. Надаць святочны выгляд. Яна [Насця] — што грэх ужо таіць? — К люстэрцы зараз падбяжыць І пасмы русае кудзелі Заўе старанней, паднядзеліць І лішні час тут пастаіць. На шляхах волі.
Паднядзелены дзеепрым. 'прыбраны, святочны' (Астр. Сцяшковіч, 1983).
86 👁