ПАДВОРАЦ м. Чалавек, які часова жыве ў каго-н. Харошая дача на горцы, Гасцінны яе гаспадар, Прымі ж ад мяне, ад падворца, Няскладны мой верш гэты ў дар. Янку Купалу.
ПАДЖЫЦЦА зак. Разжыцца на што-н.; стаць багацейшым. Прыветна скрыпнулі вароты, З вясёлым шумам расчыніліcь, Ў гумне мужчыны прыпыніліcь. Ўсяго паўнютка, хвала богу, — Збажынкі новай і мурогу.. — У нас сяголета — свяціся! — Так, дзякуй богу, паджыліся. Новая зямля.
Паджыць зак. ‘прыбыць, прыбавіцца (пра ваду)’ (ТС). Параўн. укр. підживатися, піджитися ‘прыдбаць што-н.; станавіцца багацейшым’.
ПАДЗАЛЕЖНЫ м. Падуладны. «Іван» у камеры — бог і цар, для якіх падзалежныя павінны былі служыць вераю і праўдаю і даваць падаткі. Цені мінулага.
ПАДЗЁННА прысл. Штодзённа, кожны дзень. Запісаў падзённа не рабіў. На схіле дзён.
ПАДЗЯЧАН прым. Удзячны. Алесь падзячан добрай маме, Бо маці ў тон яму трапляе І на катоў віну ўскладае. Новая зямля.
ПАДКРУЛЕК м., іран. Кандыдат у каралі, амаль кароль. Няхай чыніць гвалт нялюдскі Ваш «падкрулек», пан Пілсудскі, «Круль» маны і ашуканства. Панам.
Параўн. польск. król ‘кароль’.
ПАДКУС м., ПАДКУСА ж. Падкусванне. Нядзелька, свята — людзі вольны, Свая ахвота, свой дазвол, На рынак едуць, хто ў касцёл, Як гэты Людвік багамольны, А хто пагульвае так дома; А ты, вось, совайся, як бома, Ды бойся ліха і падкусу — Не ступіш кроку без прымусу. Новая зямля. Няма ні хітрыкаў, ні здрады, Ні гэтай фальшы, ні падкусы; Ідзе гаворка без прымусы. Там жа. — Падаць мне Тэша! — Лось гукае: — Я разарву яго вантробы.. Падайце: вырву яму вусы За ўсе даносы, за падкусы! Там жа.
Падкус м. перан. ‘з’едлівае слова’ (Дзятл. Сцяшковіч, 1983).
ПАДЛОЎЧЫ м. Старшы аб’ездчык; ляснічы. І дзядзька моцна абурыўся І разважаць яшчэ пусціўся: Ці быў бы грэх, ці грэх ні быў, Калі б падлоўчага забіў? Новая зямля.
Падлоўчы м. уст. ‘старшы егер; чалавек, што кантралюе паляванне’ (Стаўб. СЦБ). Параўн. польск. łowczy ‘ляснічы’.
82 👁