Норт м. 'паглыбленне, вір на павароце ракі' (Іўеў. СПЗБ); 'неглыбокае месца ў рэчцы, дно якога ў карчах' (Навагр. Нар. лекс., с. 153); 'паўвостраў, які ўтварае рака, мяняючы напрамак свайго цячэння' (Карэл. З нар. сл., с. 91). Параўн. польск. nurt 'цячэнне, фарватэр', укр. нурт, нурта, 'вір'.
НУТРЫ мн. Унутраная частка чаго-н. Агоньчык тлее ў нутрах кучы, Што жар разводзіць, як вулкан. Рыбакова хата.
Параўн. укр. нутро 'унутраная частка чаго-н.'
НЭНДЗА ж. Галеча, беднасць. Гром арганаў у касцёлах, Набажэнства ксендзаў, А па местах і па сёлах Бродзіць голад, нэндза. Польскім катам.
Нэндза м. і ж. 'худы, знясілены чалавек' (Кам. Жыв. сл., с. 166); нендза ж. 'клопат, турботы' (ТС). Параўн. польск. nędza 'галеча, беднасць'.
НЯБОЖ м. Пляменнік. ..адзін падрызнік Сцяпан непрыменна зашле ў сяло свайму нябожу, сястрэнічу Мікалаю. Старыя падрызнікі. — Ну, небажаты, будзем снедаць — У людзей садзяцца ўжо абедаць. Цягні мачанку, маці, з печы! За стол, малы, за стол, старэчы! — Гаворыць дзядзька, сам сядае І стол абрусам засцілае. Новая зямля.
Нябож м. 'пляменнік', 'ужываецца пры звароце да дзяцей' (Старадарож. Нар. сл., с. 19); небож м. 'пляменнік' (Лельч. Нар. лекс., с. 19); нябож м. 'пляменнік' (Пух. МСММГ, 1974; Маз., Хойн. Шаталава; Гл. МАСМ; Лоеў. Янкова); нябога ж. 'пляменніца' (Ваўк. Сцяшковіч, 1972); небаж, небож м. 'пляменнік' (Івац. ДСБ); небажата мн. 'пляменнікі' (Пін. СПЗБ); 'унукі' (Лоеў. Янкова); небажанята мн. 'пляменнікі' (Люб., Лях. СПЗБ).
НЯБЫТА ж. Стан бяздзейнасці, адсутнасці руху. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Ну, значыць, квіта! Прайшла гарачка і нябыта. Новая зямля.
НЯДБАЛЕЦ м. Нядбайны, лянівы чалавек. Пахібка знойдзецца якая, Наш дзядзька першы не ўтрывае І на пакошу тыкне пальцам: Бяда няўмекам і нядбальцам, Хто шнур зжуе няроўным плехам — Антось яго ўжо дойме смехам, Задзене проста за жывое, Хоць сэрца ў дзядзькі і не злое. Новая зямля.
78 👁