ЛАНТУХ м., перан. Вялікі жывот. Ваюй — за што? за інтарэсы Эксплуататараў-падлюг, За ненаедны іх лантух. На шляхах волі.
Лантух м., перан. 'вялікі жывот' (Драг. СПЗБ); 'жывот' (Слон. Нар. словатв., с. 35); лантух, лантуг м. 'мяшок' (Жаб., Лун. ДСБ; Лун. Жыв. сл., с. 245); 'трыбух, жывот, страўнік' (Мсцісл. Бялькевіч); вантух, лантух м. 'пра вялікі жывот' (Гродз. Цыхун); 'мяшок, сяннік' (Барыс., Пух. СЦБ); лантух м. 'чэрава, вантробы' (Насовіч).
ЛАПАНКА ж. Хабар. Адміністрацыя не спяшалася аказваць перавагу каму-небудзь з кандыдатаў, але брала лапанкі ад таго і другога. Цені мінулага.
Лапоўка ж. 'хабар' (Гродз. Цыхун); лапаны мн. 'хабар' (Насовіч). Параўн. польск. łapówka 'грошы або падарак, якія даюць з мэтай падкупіць каго-н.'
ЛАПАНУЦЬ зак. З шумам узмахнуць крыламі. І сапраўды, крумкач заварушыўся, лапануў крыллямі, зляцеў на самы нізкі дубовы сук, сеў і акінуў вокам усю птушыную грамаду. Як птушкі дуб ратавалі.
Лапануць зак. 'пабегчы, ірвануць, паспяшацца' (Стаўб. Нар. словатв., с. 87).
ЛАПАТНІК м. Чалавек, абуты ў лапці. Лепшую пару [ботаў] выбраў сабе Марка, а рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Трынаццаць чалавек абуліся ў боты, а лапці канвойнікам аддалі. Дрыгва.
ЛАПЦІШЧЫ мн. Вялікія лапці. Кожны яго [Рамана] крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю, а на велізарных лапцішчах ён нёс столькі гразі, што добраму гаспадару і на сахор не выбраць. На ростанях.
ЛАСА прысл. Прагна. Крыніцы бурнага натхнення, Мінут вясёлых, ажыўлення, Стаяць, як біскупы, бутэлі, І ласа ўсе на іх глядзелі. Новая зямля.
Ласа прысл. 'ласа, прагна' (Мсцісл. Бялькевіч).
ЛАСНЕ часц. Хіба, ці. — Ласне ручай умее гаварыць? — спытаеце вы. Ручай. Ласне іх [вучыцеляў] мала пакутуе ў ссылках па далёкіх акраінах Расіі? З дарэвалюцыйных допісаў у газеты.
Ласне часц. 'няўжо, ці' (Карэл. Сцяшковіч, 1972; Гродз. Цыхун); 'хіба' (Карэл. Жыв. сл., с. 72).
81 👁