Кунежыцца незак. 'песціцца' (Карэл. Сцяшковіч, 1972; Лоеў. Янкова); кунежиться незак. 'песціцца' (Даль).
КУНТУШЫК м. Памянш. да кунтуш 'доўгая верхняя вопратка з адкіднымі рукавамі'. Тут маецца на ўвазе польская шляхта. Кунтушыкаў, каптурыкаў І антэкаў-мазурыкаў Наперлі нам сюды, Каб гэтыя «дабродзеі» Вам польскасць тут праводзілі На панскія лады. Панская ласка.
Параўн. польск. kontusz 'кунтуш'.
КУР м. Сажа, копаць. А калі яму [старасту] трэба было заверыць якую паперу, то ён браў сваю пячатку, трымаў яе над запаленым карчом або лучынаю, покі на ёй не нарастаў здаровы слой куру, і прыкладаў да паперы, папляваўшы на тое месца, дзе павінна быць пячаць. Кантракт.
Кур м. 'копаць, сажа' (Смарг. СПЗБ).
КУРАВАСЦЬ ж. Уласцівасць куравага ў 2 знач. Гарыць над абрусам не тая газоўка, Не тая куравасць карча, А лямпа, што свеціць, як сонца ў пятроўку, — Дзівосны агонь Ільіча. Дзед-калгаснік.
КУРАВЫ прым. 1. Закураны, задымлены. Паўздоўж сцяны стаялі лавы; І печ і сцены ўсе куравы.. Новая зямля. 2. Які вылучае многа дыму, копаці. Пры цьмяным асвятленні куравай лямпы камера здавалася бруднай трушчобай.. На ростанях.
Куравы прым. 'курны' (Гродз., Пух., Уздз. СПЗБ); 'збуцвелы на пыл' (Слон. Жыв. сл., с. 155).
КУРАЛЕСІЦЬ незак., перан. Сваволіць. Кухня будзе сем на дзесяць, Там ёсць печ, за печчу — кут. Хоць прусы там куралесяць, Але Шлёма сказаў: «гут!» Сымон-музыка.
Параўн. руск. куролесить 'гарэзіць, сваволіць'.
КУРАЎКА ж. Самаробная газавая лямпа без шкла. Лямпы даўно стаялі без ужывання: іх замянялі самадзелкавыя кураўкі рознай канструкцыі. Пракурор.
Кураўка ж. 'лямпа без шкла, газоўка' (Зэльв. Сцяшковіч, 1972); 'дымар' (Воран. СПЗБ); 'курная хата' (Пух. СЦБ).
КУРАЧЫ прым. Курыны. Незнаёмы не спужаўся. — А сам хто ты, плешка? — А табе якое дзела, Вылівак курачы? Спатканне і знаёмства.
Курачы прым. 'курыны' (Гродз. Цыхун).
79 👁